Аляксандра Мілінкевіча ўвялі ў медыкаментозны сон

Медыкі прынялі рашэнне ўвесці Аляксандра Мілінкевіча ў медыкаментозны сон. Пасля аперацыі на соннай артэрыі ён знаходзіўся ў цяжкім стане.

Аляксандр Мілінкевіч

Жонка палітыка Іна Кулей паведаміла, што зараз Мілінкевіч у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.

— Яго ўвялі ў фармакалагічны сон. Гэта важна каб даць арганізму магчымасць мацавацца не страчваючы сілы на рух. Стан стабільны. Неўролагі прымуць рашэнні аб далейшых кроках, — паведаміла Іна Кулей.

Яна таксама расказала, што для блізкіх людзей у бальніцы ёсць гадзіны наведвання.

— Таму можна яго бачыць, кранаць, размаўляць. Я расказала Аляксандру пра вялікую колькасць сяброў, якія падтрымліваюць яго і чакаюць выздараўлення, — паведаміла Іна Кулей.

Некалькі дзён таму стала вядома, што Аляксандр Мілінкевіч перанёс аперацыю на соннай артэрыі па выдаленні тромба. Падчас аперацыі ўтварыўся моцны крывацёк, пасля чаго палітык трапіў у вельмі цяжкім стане ў рэанімацыю.

Аляксандру Мілінкевічу цяпер 78 гадоў. Ён дарадца Святланы Ціханоўскай і заснавальнік «Вольнага беларускага ўніверсітэта», у 2006 годзе з’яўляўся адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі.