Политика

Ціханоўская: «Рэжым у Беларусі помсціць журналістам»

Нацыянальная лідарка заклікала ў Сусветны дзень свабоды друку падтрымаць незалежных журналістаў.

Святлана Ціханоўская. Фота: Getty Images

Святлана Ціханоўская адзначыла, што нават, калі яе графік напоўнены сустрэчамі і выступамі, пачынае свой дзень з навінаў і гэта ўжо стала звычкай

—Але ў тым ліку дзякуючы працы незалежных медыя я магу распавядаць пра Беларусь на самым высокім узроўні, — кажа Святлана Ціханоўская.

Рэжым у Беларусі помсціць журналістам. Ён пазбавіў волі дзясяткі прафесіяналаў: Ларысу Шчыракову, Ігара Лосіка, Марыну Золатаву, Кацярыну Андрэеву і многіх іншых. Іх асудзілі не за злачынствы, а за тое, што яны выкрывалі карупцыю, дакументавалі гвалт, паказвалі тое, што ўлада хацела схаваць.

Ціханоўская адзначыла, што свабода прэсы — гэта не толькі пра журналістаў.

— Гэта пра тое, што важна ведаць нам з вамі. Пра тое, што адбываецца ў нашых гарадах і вёсках, школах і шпіталях. Гарантыя таго, што праблемы не знікнуць у цішыні — і будуць мець шанец на вырашэнне.

Журналістыка павінна служыць людзям. Яна павінна ставіць нязручныя пытанні і патрабаваць адказаў ад тых, хто прымае рашэнні. Чаму ў школе няма ацяплення? Чаму хуткая не прыехала? Чаму ў шпіталі бракуе лекаў?

Нацыянальная лідэарка нагадала, што сотні беларускіх журналістаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

— Але нават у выгнанні яны працягваюць сваю працу — насуперак ціску, рэпрэсіям, «экстрэмісцкім» штампам. Я захапляюся тым, як яны працягваюць шукаць, разбірацца, тлумачыць: чаму растуць кошты? Чаму чэргі ў паліклініках? Як і дзе Расія ўмацоўвае сваю прысутнасць у Беларусі? Яны расказваюць пра тое, пра што дзяржаўныя СМІ або маўчаць, або скажуць толькі тое, што «спусцілі зверху».

І мы можам падтрымаць незалежных журналістаў: чытаць, а калі бяспечна — каментаваць, падпісвацца, распавядаць іншым, данаціць. Бо пакуль жыве незалежная журналістыка — жыве сувязь паміж намі. Мы ведаем, што адбываецца ў Лепелі, Івацэвічах, Чавусах. І гэта робіць нас трошкі бліжэйшымі адно да аднаго, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)