Политика

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: «Гэта ўсё робіцца супраць волі беларусаў. Але наш народ яшчэ скажа сваё слова»

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская апублікавала зварот да ўкраінцаў з нагоды чацвёртай гадавіны поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Фото: Forum

– Дарагія ўкраінцы, дарагія сябры.

Чатыры гады таму вераломная Расія напала на Украіну. Чатыры гады — як расійскія ракеты і дроны б’юць па дамах, бальніцах, школах. І ўжо адзінаццаць год — як людзі гінуць таму, што Расія вырашыла — ёй можна ўсё.

Страшна ад самой думкі, што вайна стала штодзённасцю. Але да гэтага немагчыма прызвычаіцца. Прызвычаіцца да здымкаў разбураных гарадоў. Да навінаў пра загінулых ад чарговай жахлівай атакі. Што дзеці, замест школаў ці дзіцячых садкоў, вымушаныя хавацца ў бамбасховішчах.

Мы, беларусы, захапляемся ўкраінскай мужнасцю. Як вы падтрымліваеце адно аднаго, як бароніце сваю краіну — на фронце і ў тыле. Як працуюць украінскія валанцёры, як лекары ратуюць пад абстрэламі, як энергетыкі аднаўляюць святло пасля ўдараў. Як украінцы кожны дзень намагаюцца жыць, кахаць, берагчы адно аднаго — і захоўваюць у сабе чалавечнасць.

Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты. Мы ведаем, што такое тыранія. Мы разумеем, што сёння Украіна змагаецца не толькі за сябе, а ўсіх нас — у тым ліку за вольную Беларусь.

Менавіта таму чатыры гады таму, ды і нават раней — многія беларусы пайшлі добраахвотнікамі ваяваць за Украіну. Многія заплацілі самым каштоўным — сваім жыццём. Нават сёння, у гэты дзень, многія беларусы — знаходзяцца на лініі фронту ці ў расійскім палоне — і мы молімся за іх жыццё і за перамогу Украіны.

Мы молімся і за беларускіх палітвязняў: сотні з іх знаходзяцца ў турмах за салідарнасць з Украінай, за тое, што спрабавалі спыніць расійскую тэхніку, ці распаўсюджвалі праўду пра вайну.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання многія беларусы засталіся ва Украіне — нягледзячы на абстрэлы, на праблемы з дакументамі — таксама каб дапамагаць. Беларуская грамада Украіны — валанцёрыць, збірае кошты, дапамагае ветэранам. А беларуская дыяспара па ўсім свеце — ахвяруе грошы на украінскую армію і на гуманітарныя праграмы.

Ад вынікаў вайны залежыць і лёс Беларусі. Калі Украіна будзе моцная, а Расія слабая — гэта адкрые шлях і для вызвалення Беларусі. Бо сёння нашая краіна ў закладніках двух дыктатараў, яе ператвараюць у расейскі ваенную базу, і зборачны цэх для расійскай арміі. Размяшчаюць ядзерную зброю і «Арэшнік».

Гэта ўсё робіцца супраць волі беларусаў. Але наш народ, я ўпэўненая, яшчэ скажа сваё слова.

Мы, беларусы, на баку Украіны, а не агрэсара. Мы — як і Украіна — частка Еўропы, а не «рускага міру». І разам — мы зможам дабіцца свабоды і міру для нашых народаў. Разам — мы зможам дабіцца справядлівасці і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Дзякуй украінскаму народу. Дзякуй беларускім ваярам, валанцёрам і ўсім, хто падтрымлівае Украіну ў гэты складаны час. Дзякуй за салідарнасць, за мужнасць. Разам мы ўсё адолеем.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)