Цыганкоў: «Лукашэнка хітра прагнуўся перад Трампам і Кітаем адначасова»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра інтэрв’ю правіцеля Беларусі амерыканскаму блогеру і яго зацікаўленасці ў сканчэнні вайны ва Украіне.

— Відавочна, Лукашэнка хоча выйсці на амерыканскую аўдыторыю праз нефармальнага блогера, які данясе яго мэсэдж без крытыкі і нязручных пытанняў. Так і адбылося, — кажа Віталь Цыганкоў у эфіры Еўрарадыё.

Віталь Цыганкоў

— Лукашэнка хацеў спадабацца новай адміністрацыі ЗША, хваліў Трампа ў розных аспектах. Але цікава, што сказаў, што параіў бы Трампу, як рабіць нельга. Лукашэнка ўсім палітыкам раіць, як ім трэба сабе паводзіць і што рабіць, з адным выключэннем: акрамя Пуціна. Яму нічога не раіць.

Тут ён параіў Трампу не нападаць на Кітай. То бок, хітра прагнуўся перад Трампам і Кітаем адначасова. Як гэта, не выкарыстаць такую магчымасць?  

Лукашэнка, лічыць Цыганкоў, хоча закінуць воды наконт перамоваў.

— У гэтай новай рэальнасці ён імкнецца застаўбіць сабе месца, каб пра яго не забылі. Таму спрабуе быць карысным для ўсіх. Тое, што ён карысны для Расіі, Лукашэнка ўжо сто разоў даказаў. Ён хоча паказаць, што можа быць карысным і для Захаду.

Але Лукашэнка чалавек тактычнага мыслення: дзень прастаяць, ноч пратрымацца. Ніколі ён не мысліў стратэгіяй на гады або дзесяцігоддзі. Так што тут таксама тактычнае мысленне: горш не стане, калі ён дасць інтэрв'ю, нагадае пра сабе, пахваліць Трампа. Можа, у Дзярждэпартаменце пададуць запіску вышэй, што ёсць Лукашэнка, які вас любіць.

Цыганкоў не згодны з «агульна прынятым пасажам», што Лукашэнку патрэбны працяг вайны і ён толькі з гэтага і жыве.

— Я не бачу лагічных матываў для Лукашэнкі, пры якіх яму павінен падабацца працяг гэтай вайны. Чаму прадпрыемства працуюць на вайну? Да вайны беларуская эканоміка працавала на Еўропу — 25-30% экспарта ішло туды. Але з-за санкцый прыйшлося нешта прыдумляць, сталі працаваць на Расію — рабіць ваенную форму, выпускаць снарады і іншыя рэчы.

І гэта, канешне, не ад добрага жыцця. Калі вайна скончыцца і адменяць санкцыі, уведзеныя з-за вайны, Беларусь зноў будзе прадаваць свой калій і нафту ў Еўропу.

Ёсць у нейкім сэнсе аспект вайны эканамічны (дзе б Лукашэнку працяг вайны быў бы выгадны — С.). Але, можа быць, больш важны палітычны аспект. Калі б мары Лукашэнкі спраўдзіліся, і нейкая дамова была падпісана ў Мінску. Ці проста мірная дамова, дзе б прысутнічаў Лукашэнка, паціская руку Трампу.

Такі варыянт быў бы яму больш карысны. Пры ўсіх словах пра старэйшага брата, тая ступень залежнасці ад Расіі, якая атрымалася ў выніку 2020 і 2022 гадоў, не патрэбна Лукашэнку, не радуе яго і цягаціць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(7)