Цыганкоў: «Самае страшнае для Нью-Ёрка — калі Мамдані сапраўды пачне спрабаваць ажыцьцяўляць свае перадвыбарчыя абяцаньні»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра тое, да чаго можа прывесьці сацыялістычны ўхіл Дэмакратычнай партыі ЗША.

— Па-першае, найбольш відавочнае: перамозе 34-гадовага дэмакрата Заграна Мамдані, напэўна, больш за ўсіх радуецца Трамп, — піша Віталь Цыганкоў. — Мяркую, што ўся дзейнасьць Мамдані ў Нью-Ёрку зараз стане страшылкай для шырокай публікі.

Віталь Цыганкоў

Глядзіце, што ён абяцаў, і што атрымалася! Даволі проста прадказаць, што наўрад ці ягонае кіраваньне горадам можа быць пасьпяховым, проста па банальна аб’ектыўных і лягічных прычынах.

Калі ён рэальна пачне будаваць свой дэмакратычны сацыялізм у Нью-Ёрку, то гэта не надта магчыма ў рамках агульнай капіталістычна-манапалістычнай сыстэмы ў ЗША, у якой Нью-Ёрк зьяўляецца фінансавым цэнтрам гэтай сыстэмы.

У максімальна аптымістычным сцэнары — калі ён здолее зрабіць нейкія дробныя паляпшэньні з транспартам, нейкае павелічэньне сацыяльных выплат — то гэта будзе цудам.

Калі ж ён задумае рабіць тое, што абяцаў на выбарах і чаго ад яго патрабуюць ягоныя радыкальныя прыхільнікі, якія на ягоных мітынгах крычалі — «Tax the rich» (абкласьці падаткамі багатых), то адбудзецца наступнае.

На сёньня 1% самых багатых нью-ёркцаў забясьпечваюць 36% гарадзкога бюджэту. Як толькі ён абкладзе іх ці іхнія бізнэсы яшчэ большым падаткам, частка з іх (хоць і не ўсе), проста псіхануць і ўцякуць у той жа самы Тэхас і Фларыду, дзе зараз найспрыяльнейшыя ўмовы для бізнэсу.

Туды ўжо ўцякаюць багатыя і людзі сярэдняга класа з Каліфорніі. У выніку падатковаабкладаная база зьменшыцца, і ў бюджэце гораду застанецца менш грошай, чым было. За якія шышы запускаць бясплатны транспарт, замарозку арэнднай платы, танныя крамы, як абяцаў Мамдані?

Другое: ён малады чалавек, актывіст, які толкам нікім не працаваў і нічым не кіраваў. Кампанію па выбарах ён успрымаў найперш як палітычную барацьбу, а кіраваньне горадам — гэта максымальна гаспадарчая не ідэйная справа.

Калі ж ён набярэ ў памочнікі такіх самых ідэйных актывістаў, мэта якіх — змагацца з Трампам, а не паляпшаць жыцьцё нью-ёркцаў — тады яшчэ горш.

Так што парадокс у тым, што самае страшнае для Нью-Ёрка — у тым варыянце, калі Мамдані сапраўды пачне спрабаваць ажыцьцяўляць свае перадвыбарчыя абяцаньні.

Але галоўнае — больш стратэгічна істотнае. Перамога Магдані, які, нагадаю, стаў кандыдатам, выйграўшы праймерыз Дэмакратычнай партыі, кажа пра даволі радыкальныя зьмены ў партыі, якія адбываюцца апошнія гады і якія паскорыліся пасьля прыходу Трампа.

Даводзіцца канстатаваць радыкалізацыю альбо палявеньне гэтай партыі. Партыя ўжо становіцца не левацэнтрысцкай, паводле амэрыканскіх мерак, а фактычна, сацыялістычнай.

Левае крыло, якое зьяўляецца антыкапіталістычным, антыізраільскім, у пэўнай ступені антыпатрыятычным (паводле Gallup, у 2025-м толькі каля 36 % прыхільнікаў Дэмакратаў сказалі, што яны «вельмі» або «надзвычай» ганарацца тым, што яны амэрыканцы), узмацняецца і пачынае перамагаць цэнтрыстаў унутры партыі.

Паводле апытаньня Гэлапс, за жнівень 2025-га, каля 66% прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі выказаліся станоўча пра сацыялізм, толькі 42% дэмакратаў падтрымлівалі капіталізм. Сярод усёй Амэрыкі 39% амэрыканцаў маюць станоўчае стаўленьне да сацыялізму, а 57% ставяцца да яго адмоўна

Вас могуць шакіраваць гэтыя лічбы, але прапаную ставіцца да іх даволі спакойна. Гэта ў чалавечай прыродзе — любіць тое, пра што мала што ведаеш, з чым ніколі не сутыкаўся. Амэрыканцы не бачылі сацыялізму, і любяць яго як нейкі ідэал з кніжкі, як нешта, супрацьлеглае таму недасканаламу жыцьцю, у якім яны знаходзіцца.

І гэтая нязбыўная вера, што вось усе сацыялізмы раней былі няправільныя, а вось гэты наш нарэшце будзе правільным! Многія прыхільнікі Дэмакратаў лічаць, што гэта павінен быць «сацыялізм», як у Швэцыі Але ў Швэцыі ніякага сацыялізму няма. Там нармальны капіталізм проста з добра наладжанай сацыяльнай абаронай.

У Швэцыі колькасьць мільярдэраў на душу насельніцтва адна з найвышэйшых у сьвеце (мільярдэр на кожныя 250-300 тысячаў чалавек, што значна вышэй, чым у ЗША). У 70-я гады ў Швэцыі быў рух да рэальнага сацыялізму, калі спрабавалі нацыяналізаваць розныя галіны, што прывяло за заняпаду эканомікі.

Ад гэтага адышлі нават самі сацыял-дэмакраты, якія тады кіравалі, і якія прызналі, што гэта памылка. Швэцыя застаецца пасьпяховай, таму што яны ад гэтага экспэрымэнта адышлі і больш туды не вяртаюцца.

Ды й гісторыя і традыцыі. Ня трэба чытаць тоўстыя тамы Алекса дэ Таквіля (хаця, канешне, лепш прачытаць), каб пераканацца, наколькі па-рознаму фармаваліся грамадзтвы і сучасныя дзяржаўныя інстытуты ЗША і Эўропы.

Наколькі моцна індывідуальны пачатак і прынцып асабістай свабоды і посьпеху працінае гісторыю і палітычную культуру ЗША, і наколькі важны прынцып калектывізму (групавога ці нацыянальнага), «роўнасьці», салідарнасьці і сацыяльнай справядлівасьці — для Эўропы.

Галоўная ж выснова для будучай палітыкі заключаецца ў тым, што калі ў Дэмакратычнай партыі будуць перамагаць прыхільнікі «дэмакратычнага сацыялізму», то яны могуць выйграваць на ўзроўні гарадоў ці можа асобных рэдкіх штатаў. Аднак, ніякіх шансаў перамагчы на фэдэральным узроўні ў сёньняшняй Амэрыцы яны не маюць.

Асноўнае пытаньне для Дэмакратычнай партыі — як процістаяць Трампу. І ў партыі ўсё часьцей гучаць галасы, што перамагчы рэспубліканца можа толькі такі ж рэзкі, зацяты, непаліткарэктны, радыкальны кандыдат.

Больш актыўныя, пасіянарныя ў Дэмакратычнай партыі — больш левыя, і яны будуць перамагаць на розных праймерыз. Рэйтынг Дэмакратычнай партыі зараз 27%, самы нізкі за апошнія дзесяцігоддзі. Ухіл у бок сацыялізму будзе выклікаць захапленьне ў радыкальнай публікі ўнутры партыі, але зь іншага боку — яшчэ большае непрыняцьцё ў рэспубліканцаў і незалежных, ды і многія памяркоўныя дэмакраты адвярнуцца.

Вядомая палітычная логіка — радыкалізацыя вядзе да перамогі ў сваёй бурбалцы, і да паразы на агульнадзяржаўным узроўні.

Нават на апошніх давыбарах у Кангрэс і Сэнат перамагалі тыя дэмакраты, якія мелі цэнтрысцкую пазыцыю.

Калі ж у партыі пераможа падыход радыкалізацыі, дэмакратычнага сацыялізму, а не памяркоўнага цэнтрызму, то гэта прывядзе да гарантаванай паразы Дэмакратаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.