Каліновец Клачко: «Нармалёва ўспрымаю, калі людзі весяляцца. Але дрэнна – калі падчас сённяшніх падзей яны толькі весяляцца»
Каліновец Аляксандр «Кусь» Клачко – пра выпрабаванні на вайне і пасля яе.
Аляксандр «Кусь» Клачко – беларускі добраахвотнік, якія ваяваў ва Украіне, але быў камісаваны з-за цяжкай хваробы нырак. Цяпер ён інвалід другой групы і жыве ў Літве.
У інтэрв’ю Жыццё-маліна Клачко адзначыў: думка пра тое, што беларускія ветэраны ўкраінскай вайны нікому не патрэбныя, была актуальнай да снежня 2024 года:
– Са снежня 2024 года я бачу змены.
Клачко таксама ўзгадаў, як цяжка было атрымаць ва Украіне другую групу інваліднасці, нягледзячы на ўсе медыцынскія даведкі: «Чатары разы ўпіраўся галавой у сцяну».
Ветэран распавёў, як страціў нагу беларускі добраахвотнік з пазыўным «Белка»: спачатку той падарваўся на міне, а затым на яго наехала ўкраінскае БМП, што забірала параненых. Гэтую гісторыю «Белка» распавёў «Кусю» ў шпіталі:
– Ён кажа: да міны я быў гатовы, я нават, можа, не пракрычаў… А вось да таго, што на мяне наездзе ўкраінская БМП, я не быў гатовы. Я крычаў, у мяне істэрыка пачалася. Я немым голасам роў.
Аднак з-за цемры БМП часткова наехала на байца: яго выратавала тое, што ён трапіў у каляіну.
Па словах Клачко, цяжка паранены баец не згубіў аптымізму:
– Калі «Белка» гэта расказваў, вы б самі са смеху ўгаралі… Чалавек проста малайчына. Страціў нагу, атрымаў вялікія пашкоджанні костак таза, але захаваў моц духа.
Як Клачко цяпер успрымае жыццё навокал?
– Я нармалёва ўспрымаю, калі людзі весяляцца. Але дрэнна ўспрымаю, калі падчас сённяшніх падзей яны толькі весяляцца. Калі ты заданаціў, валанцёрыў, нечым падтрымаў, дапамог асабіста – і пасля гэтага павесяліўся, то я не супраць. Але калі ты толькі весялішся, а астатняга быццам бы няма, вось гэта я дрэнна ўспрымаю.
Клачко дадаў:
– Да вайны Дзень народзінаў і Новы год былі для мяне самымі важнымі святамі ў жыцці. З 2022 года гэта звычайныя дні для мяне. Я не разумею, чаму трэба весяліцца. Не таму, што вайна працягваецца, а, мабыць, нейкія каштоўнасныя ўзроўні змяніў.
На яго думку, ПТСР мае кожны, хто прымаў удзел у баявых дзеяннях, але беларускія ветэраны пагрозу для іншых не ўяўляюць:
– Пытанне ў тым, наколькі ПТСР сур’ёзны ў чалавека – на 10% ці, скажам, 90%. Пры гэтым на маю думку, калі ў беларускіх добраахвотнікаў ёсць ПТСР, то ён накіраваны не на вонкавае асяроддзе, а разбурае чалавека знутры.
Клачко таксама адзначыў:
– Ты можаш быць воінам і без зброі. Ты можаш змагацца на медыйным полі, унутры Беларусі. Размаўляць па-беларуску – гэта таксама барацьба.
Читайте еще
Избранное