Кіркевіч: «Гісторыя для беларусаў — той самы ключ. Але — згублены. Яго яшчэ трэба знайсці»

Мы ўвесь час вяртаемся ў мінулае, каб будаваць новыя і новыя межы міжсобку, піша Алесь Кіркевіч на Budzma.org.

Хто за БНР, хто за БССР, хто за Курапаты, хто за Хатынь, хто па што... абы не жыць сучаснасцю. Не жыць момантам і — не думаць пра заўтра. Але ці мы адныя?

Алесь Кіркевіч

Зірніце на нашы дыскусіі. Здаецца, час спыніўся, а мы на воблачку сядзім ды гаворым пра Вітаўта з Каліноўскім, Пазняка з Лукашэнкам, пра нейкі шанец у 94-м... Ну, колькі можна? Перабіць гэты ўнутраны дыялог можа, хіба, знікненне Мельнікавай ці дэфіцыт бульбы ў крамах. Яно нібы вырывае з каматозу, але толькі на імгненне.

Нават 2020-ты ўжо стаў гісторыяй. Таму — можна пагутарыць пра дзяцей Ціханоўскай, нырнуць у гэты вір — боўць! Каб ніколі не выплываць. А што было б, калі?.. Ключавое тут — «было». Бо ўсё, што «будзе» — страшна і незразумела. Лепш не кранаць. Падаецца, мы зачараваныя гісторыяй, як Кіплінг быў зачараваны Індыяй.

«Ще раз про шаровари...»

Зрэшты, беларусы тут не самотныя.

Зірнем на Польшчу: прэзідэнт можа губляцца ў пытанні кадастравых падаткаў, але — павінен мець пазіцыю па Валыні. Падаецца, усё ўкраінскае пытанне ў польскай палітыцы дагэтуль круціцца вакол падзеяў 1940-х гадоў.

Ва ўкраінцаў хапае сучасных выклікаў, але... гісторыкі там надалей пішуць пра тое, у якіх нагавіцах хадзілі казакі: «Ще раз про шаровари». Вы сур’ёзна? Сур’ёзна. У ваюючай краіне працягваецца праца на гістарычным кірунку: ад геральдыкі часоў ВКЛ да разграбання архіваў савецкага КГБ. Бо ўсё гэта — выбудоўванне сцяны на мяжы з агрэсарам.

Літва — яшчэ адзін прыклад. Буру ў медыях там выклікаў... гістарычны зборнік пра Літву, які выдалі рускія з блаславення Лаўрова.

Задумайцеся: не перасоўванні тэхнікі ці вучэнні, а — гістарычны зборнік. Бо там, у тым зборніку, ставіцца пад пытанне легітымнасць літоўскага дзяржаўна праекту.

Ключ ад палітыкі і «пякельнае паліва» для танкаў

А штука ў тым, што гісторыя — ключ да палітыкі. Прынамсі, у нас тут, ва Усходняй Еўропе. Ад твайго стаўлення да тых ці іншых падзеяў у мінулым залежыць тое, што ты плануеш рабіць сёння і заўтра. Партрэт палітыка складаюць партрэты і мапы, якія вісяць у ягоным кабінеце. Таму, уласна, гісторыя ніяк не можа стаць ані стэрыльнай навуковай дысцыплінай, ані магніцікам у сувенірнай лаўцы. Яна — жывая. І мае значэнне.

І калі тут гісторыя — ключ да палітыкі, то ў Расіі — ключ ад брамы пекла. Звярніце ўвагу, у чарговы раз: там усё збудавана не вакол коштаў на нафту, а вакол Рурыка, Сталіна і «святога цара» Мікалая.

І гэта ўжо чыстае фэнтэзі, дзе мяшаюцца эпохі, цары і генсекі. Гісторыя — пякельнае паліва, якім запраўляюцць расійскія танкі.

Ну, добра, а што ў беларусаў?

У беларускім выпадку мы маем дзіўную карціну. Па-першае, у нас аграменны разрыў. Вялізная маса беларусаў па абодва бакі мяжы жывуць па-за гісторыяй.

Нават на сямейным узроўні памяць сканчаецца на міфе пра «дзеда», які «ваяваў». Карціну дапаўняюць фільмы пра вайну з Бязрукавым. Ну, а пласт старажытнай гісторыі замяніў серыял «Гульня тронаў». Усё.

Па-другое, гісторыя — зона цікавасці невялічкай праслойкі людзей, якія, часам здаецца, пішуць і выдаюць кніжкі для саміх сябе. А часам не выдаюць: пішуць у стол да канца жыцця.

Гэта нібы элітарная сфера, якая балансуе на мяжы з маргінэсам. Бо, каб сферы быць элітарнай, яе прадстаўнікі маюць быць элітай. А дзе вы ў нас такое бачылі?..

Чаму гэта небяспечна?

А таму, што ўся гэтая маса агістарычнай публікі, у якой быў «дзед, які ваяваў», з энтузіязмам успрыме любую казку, як гісторыю. Узгадайце пра феномен росту сектаў пасля краху СССР, у 90-я: згаладалыя па рэлігіі людзі елі ўсё, што валяецца на ўзбочыне.

Таму і стрэлілі ў свой час кніжкі Дзеружынскага і Тараса, якія выдавалі гістарычны фастфуд з элементамі фэнтэзі. Таму стрэліў «літвінізм».

Людзі, пазбаўленыя гуманітарнага фундаменту, не мелі ані каліва крытычнага мыслення ў гэтай сферы. Можна карміць з рук. Бо ёсць голад — і яго трэба наталіць.

Пытанне: хто накорміць гэтым разам? Гігін, Марзалюк, Лаўроў?..

Ключ, які яшчэ трэба адшукаць

Гісторыя для беларусаў — той самы ключ. Але — згублены. Яго яшчэ трэба знайсці. І гэтая праца не менш важная за фармаванне «кадравага рэзерву» ці «пошук новых рэзідэнцый» самі ведаеце каго.

Падабаецца нам ці не, але карціна мінулага — гэта пра наша калектыўнае псіхічнае здароўе. І, безумоўна, пра палітычную візію будучыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)