Кіркевіч: «З рыторыкі Ціханоўскага вымалёўваецца трохкутнік: Я, Лукашэнка і безасабовыя беларусы»

Алесь Кіркевіч на Budzma.org называе пяць пунктаў, пра якія варта падумаць былому палітзняволенаму пасля вяртання ў палітыку.

Сяргей Ціханоўскі. Скрыншот з відэа на канале жизнь-малина

З першых дзён на свабодзе Ціханоўскі ўварваўся ў інфа-прастору з заявамі, ідэямі, планамі. Адныя зачароўваліся, іншыя — здзіўляліся: «Сяргей, мы табе нічога не вінныя!». Відавочна, палітык толькі намацвае публічнае поле і сваё месца ў ім. Але на што варта звярнуць увагу ўжо цяпер? Найперш — самому Сяргею.

1. Паверыць у Асобу

З рыторыкі Ціханоўскага вымалёўваецца трохкутнік: Я, Лукашэнка і безасабовыя беларусы. Функцыя беларусаў — верыць і дапамагаць. Ціханоўскі прапаноўвае зрабіць усе стаўкі на яго, бо ён ведае, як вырашыць праблему. Вырашэнне праблемы нечага каштуе, праўда? Таму — трэба данаціць.

Але ніхто не ведае, ЯК менавіта праблема мае быць вырашаная. Прыкладамі вінтовак, дыпламатыяй, як?.. Стаўка на асобу, а не на метад. На «Я», без «Як?».

Гэта мадэль, калі ёсць народныя масы і месія, які тыя масы вядзе праз пустыню. А што там ў месіі ў галаве — адзін Бог ведае.

«Мая фантазія не абмежаваная,» — кажа сам палітык. Яно, канешне, добра, толькі зазірнуць у галаву палітыка ніхто не можа. А стаўкі прапануецца рабіць ужо цяпер. Можа, усё ж варта распавесці, у чым прапанова і чаго чакаць патэнцыйным інвестарам?..

2. Каманда

Поспех лідара — гэта поспех каманды. Ніякай каманды зараз у Ціханоўскага няма. Раней таксама не было: у інтэрв’ю ён кажа пра аператараў і кіроўцаў, не болей. Але палітык — гэта ягоная каманда, атачэнне. Ты не можаш разарвацца, працаваць 24/7 ці проста арыентавацца ва ўсіх пытаннях. «Кадры вырашаюць усё» — праўда ж?

Добра, Ціханоўскі абвясціў пра набор каманды. Але, здаецца, лідар сам набірае каманду, а не чакае, што да яго прыйдуць. У каманду не запісваюцца па аб’яўцы ў тэлеграм-боце — туды прымаюць. У адваротным выпадку, канешне, нехта з’явіцца, але хто? Тыя, хто гатовы стаяць са сцягамі ў цэнтры Варшавы і Вільні раз на тыдзень? Гэта сапраўды тое, што трэба?..

Слова «партыя» зараз выклікае ўсмешку. Бачылі мы гэтыя апазіцыйныя партыі на паперы па тры з паловай чалавекі... Але на добры розум, партыя — гэта супольнасць кампетэнтных матываваных людзей. Хай будзе лідар, але ёсць і іншыя адказныя кіраўнікі. «Другія» і «трэція» нумары, якія прыйдуць на замену першаму.

У іншым выпадку — гэта сітуацыя, дзе ўсё трымаецца на адным чалавеку, як на цвіку. І такая сістэма ў Беларусі, калі што, ужо ёсць.

3. Рэвалюцыйная сітуацыя

Які б ты ні быў харызматычны лідар, ты не можаш стварыць «рэвалюцыйную сітуацыю» ці «акно магчымасцяў» тады, калі сам сабе прыдумаў. Праз тыдзень ці месяц. Гэта хваля, якой можна скарыстацца і быць да гэтага гатовым. Лідар — гэта стратэг, а не шаман, які выклікае дождж.

Палітыка — гэта не стартап. Тут нельга скласці бюджэт, зарэгістраваць юр-асобу і распланаваць, калі яно ўсё пачне прыносіць прыбытак.

У адваротным выпадку палітыка і застанецца... бізнесам. Магчыма, нават прыбытковым. Але — бізнесам, фірмай.

Гэта не пра дзяржаву і не пра «краіну для жыцця». Не будзем забывацца, што феномен 2020-га стварылі не Ціханоўскі ці Бабарыка, а сукупнасць фактараў. Як і 1917 год арганізаваў не Ленін з Троцкім — а сітуацыя, якая склалася ў свеце. Справа лідара — скарыстацца хваляй і ўсё зрабіць слушна.

4. Турма не фетыш

Турма — гэта балючы досвед на ўсё жыццё. Але гэтым досведам у 2025 годзе нікога не здзівіш. Нікога з беларусаў. Сядзяць мужчыны, жанчыны, падлеткі, пенсіянеры, хворыя на рак. Урэшце, людзей там забіваюць: не кожны вяртаецца. Пра нечалавечыя катаванні ўкраінцаў у расійскім палоне (выдзіранні зубоў абцугамі, згвалтаванні) прамаўчу.

Турэмная бірка — не фетыш. Яна не дае выключнага права казаць і рабіць усё, што хочаш.

Зараз усім нам (а таксама тым, хто працягвае сядзець) патрэбныя не гісторыі пра «малявы», «вату» і «блатных». А планы, стратэгія і канкрэтыка.

Турэмная гісторыя Ціханоўскага скончылася. Добра, што вярнуўся. Кропка. Трэба ісці далей.

5. Саюзнікі

Хто вызваліў Ціханоўскага? Беларускі народ, Святлана, амерыканцы? Дапусцім, што ўсе разам, але без удзелу амерыканцаў нічога б не было. Таму дзіўна чуць, калі Сяргей кажа не міргнуўшы вокам, што амерыканцы папрасілі яго памаўчаць месяц, бо ідуць перамовы па іншых зняволеных. Але маўчаць ён, канешне, не будзе. Бо ён — Ціханоўскі.

Гэта асабістая справа, безумоўна, маўчаць ці не. Але — ці варта тады спадзявацца на даверлівыя адносіны з амерыканцамі, калі ты: 1) агучыў іхную просьбу 2) агучыў, што ты яе ігнаруеш. Для чаго?..

Можна сказаць, што Ціханоўскі нікога не прасіў сябе вызваляць. Таму, не гуляе па правілах вызваліцеляў. Але для чаго наогул тады кранаць гэтую тэму? Можа, часам лепш прамаўчаць?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(40)