Я размаўляю на беларускай усё жыццё, нават інакш – я на ёй жыву. У Познані з цягам часу заўважыў, што амаль усе, хто мяне атачае — размаўляюць па-беларуску. І гэта натуральна.
«Кітайцы навучылі нас «сюсі-сюсі»
Чаму настаўнік беларускай мовы будаваў метро ў Ізраілі, як 10 рублёў закрылі яму дарогу ў Беларусь, пра Зянона Пазняка ды нацыянальныя прысмакі, «Салідарнасці» распавёў стваральнік крамы з беларускім каларытам Анатоль Глембоцкі, які займаецца годнай справай разам з жонкай Маргарытай.
— Я марыў зрабіць нешта кшталту прыгажосці symbal.by, калі знаходзіўся ў Ізраілі, у сваёй першай працоўнай эміграцыі (з 2019 па 2021). Хацеў зарабіць грошай ды пасмакаваць жыццё, калі скончылася маё студэнцтва.
У Ізраілі тужыў па Беларусі ды прыдумляў, чым займуся, калі зараблю грошай і вярнуся. Думаў да таго часу, пакуль не стала ясна, што гэта ўжо немагчыма зрабіць на Радзіме. Бо вярнуўся з Ізраіля зусім у іншую Беларусь, не ў тую, з якой з’язджаў.
Увесь час былі страх ды вельмі напружаны стан. У метро ўсе ў тэлефонах, і нібыта нешта там хаваюць. Я з гэтым пражыў год. Кожны дзень баяўся, што да цябе прыйдуць. Бо я ж не маўчаў і ў Ізраілі, хадзіў на беларускія мітынгі ды маршы па Тэль-Авіву, Іерусаліму.
«Кажу: «забыўся пароль, але гатовы зрабіць тое, што вы хочаце. І нават ведаю што»
У другой палове 2021-га мы з будучай жонкай вырашылі пераехаць у Польшчу, пажыць у новай краіне, расслабіцца, перачакаць цёмныя часы. Хоць на той момант здавалася, што нам нічога канкрэтна ў Беларусі не пагражала: сляды палітычнай дзейнасці пацёртыя і прыхаваныя.
Першы год эміграцыі я перыядычна ездзіў на Радзіму, на пару дзён. З перасцярогай, тэлефон увогуле браў чысты. Бо было разуменне, што паміж маімі візітамі ў Беларусь могуць нешта адкапаць і на мяне.
І гэта, нарэшце, здарылася. На трэці прыезд памежнік забраў мой пашпарт і папрасіў пачакаць у баку, пакуль людзі ў цывільным не забяруць мяне да сябе на размову. Маўляў, я ўсплыў у базе, і «на цябе ёсць нейкі данат у фэйсбуку».
За хвіліны да размовы я паспеў перабраць усе варыянты маёй «віны», а пра данат увогуле забыўся, настолькі ён быў для мяне дробны і нязначны ў параўнанні з усім астатнім.
Сказалі, што ў Польшчу мяне ўжо не выпусцяць, пакуль я сам не з’езджу ў мясцовае КДБ і не «разбяруся са сваёй праблемай».
Я паехаў, следчы зладзіў мне канкрэтны допыт, запатрабаваў адкрыць фэйсбук і паказаць той данат. Кажу: «забыўся пароль, але гатовы зрабіць тое, што вы хочаце, і нават ведаю што». Бо шмат каго ў Беларусі цягалі за данаты ў КДБ, каб людзі заплацілі ў 10 ці нават у 100 разоў больш.
Я гатовы быў заплаціць гэту цану за тое, каб можна было ездзіць у Беларусь. Калі можна адкупіцца — ну і хай сабе...
Следчы сказаў, што я павінен зрабіць ахвяру ў дзіцячы хоспіс: «І мы цябе прабачым — даю сваю гарантыю! Але прыходзь праз тыдзень — узгадай пароль і пакажы той данат. Інакш сядзеш». І пачаў мне пагражаць.
За тыдзень я пагаварыў з сябрамі, звязаўся с Байсолам. Мне патлумачылі, што так лёгка следчыя не адчэпяцца. І я з’ехаў у Польшчу бяспечным шляхам з дапамогай Байсола. За дзень да запланаванага другога візіта ў КДБ.
Следчыя яшчэ пару разоў пазванілі: маўляў, як ты так з’ехаў, нягоднік! Табе ж проста трэба было адкупіцца.
Мне ўвогуле смешная была рэакцыя следчага на мой данат, капейкавыя 10 рублёў. Той узрушыўся: «Што?! 10 рублёў — гэта мала?! Ды яны на гэтыя 10 рублёў набылі бутэльку і зрабілі кактэйль Молатава. Ты гэта разумееш?» Ну так, разумею, вядома (усміхаецца).
«Ручныя вырабы так і каштуюць, але ж няёмка браць вельмі вялікія грошы з нашых людзей»
— Спачатку жылі ў Беластоку, потым з’ехалі ў Познань. Бо кошты на кватэру мінімум адсоткаў на 20 ніжэй, чым у Варшаве. І Познань – даволі жывы горад, ды тут аказалася буйная суполка беларусаў.
Тут ёсць Пазнаньскі спеўны сход, хор беларусаў, дзе мы спяваем беларускія, часам польскія і ўкраінскія песні. Нават запісалі альбом. Ездзілі ў гэтым годзе спяваць на «Тутаку».
Ёсць тэатральныя майстэрні, дзе для розных узроставых груп праводзяць заняткі прафесійныя рэжысёркі і акторкі з Беларусі, якія аказаліся ў эміграцыі.
Свой пакойчык і ў Моладзевага блоку, бо шмат маладзёнаў сюды пераехалі, вучацца ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча на кірунку беларускай філалогіі, ў прыватнасці. Кожны тыдзень ладзяцца традыцыйныя «Танцы ў Пазнаньцы», куды ўжо на рэгулярнай аснове ходзяць не толькі беларусы, але і палякі.
— Дапамагае ваш інстаграм аплочваць кватэру, ці гэта не асноўная ваша праца?
— Гэта хобі, бо ў першую чаргу яно для душы і пра нашу любоў да Беларусі і беларускасці. Таму спрабуем увесь час прыдумляць нешта новае: спачатку цішоткі, торбы, кофты, потым з’явілася ўменне і жаданне рабіць зефір «Пазнаньскія пацалункі» ды шакаладную каўбасу, як у дзяцінстве.
Шмат купляюць нашых скарбаў беларусы Познані, бо добра нас тут ведаюць. І нам няёмка браць у іх грошы, хоць ты задарма аддавай. Бо гэта ж нашы людзі. Быццам нам сорамна з гэтага зарабляць. Таму для нас гэта гуманітарная праца — мы павінны гэта рабіць, каб пашыраць беларускае.
Напрыклад, мая жонка вышывала малюнкі на кофце. На адну кофту сыходзіў цэлы тыдзень працы, якая, мы ў працэсе зразумелі, не акупіцца, бо калі памножыць гадзіны працы на грошы, атрымаецца вельмі многа. Разумею, што ручныя вырабы таго і каштуюць, але ж вяртаемся да таго, што нам няёмка і нават сорамна браць вялікія грошы з нашых людзей. Бо вельмі шмат грошай у беларусаў сыходзіць на звычайнае жыццё ў эміграцыі.
«Сніш што ты у бацькоўскай хаце, а маці наразае бабку, мяса шкварчаць на патэльні»
— Самы складаны перыяд быў у першай працоўнай эміграцыі ў Ізраілі, куды мы з прыяцелем паляцелі. Там я сам перад сабой паставіў мэту — адпрацаваць мінімум 2 гады, зарабіць пэўную суму грошай і вярнуцца з імі ў Беларусь. Мы працавалі на розных заводах, напрыклад, курыным і рыбным.
Пэўны час на тэрыторыі палестынскай аўтаноміі рыхтавалі арматуру для будоўлі. Каля года давялося быць датычным да будаўніцтва першага ў Ізраілі метро.
За любую працу атрымлівалася зарабіць прыемную суму грошай, большая частка якой адкладвалася. А каб назапасіць як мага больш, цягам усяго ізраільскага перыяду быў уключаны рэжым максімальнай эканоміі, у тым ліку на ежу, адзенне, забавы. Хаця, калі працуеш 6 ці 7 дзён на тыдзень, ані сіл, ані часу на забавы не застаецца.
Але нават вялікія грошы ўсё адно не кампенсавалі пякучы боль адарванасці ад Беларусі. Хоць гэта была не вымушаная эміграцыя, і я мог у любы час вярнуцца, усё ж псіхалагічна трымаў мэту заробку, каб было што прывезці дадому.
У той працяглы перыяд часта сніліся сны з Беларусі: сяджу ў хаце, маці наразае бабку, мяса шкварчыць на патэльні. Будзільнік рушыць маю ідылію: трэба ісці на працу. І з аднаго боку балюча, а з іншага, сон настолькі падаецца рэалістычным, быццам сапраўды там пабываў, і робіцца трохі лягчэй.
Зараз я часта чую, што падобнае сняць цяпер беларусы ў Польшчы. Але я гэтых сноў ужо не бачу.
— Мо, параўноўвалі суполкі беларусаў Ізраіля і Польшчы?
— Атмасфера розная, бо ў Ізраілі я бачыў яе ў самы пік. І там галоўным чынам беларусы-рэпатрыянты, якія пераехалі па каранях. Маюць ізраільскі пашпарт, але памятаюць і любяць Беларусь. А ў Польшчы беларусы, якія вымушана з’ехалі з Радзімы і прагнуць вярнуцца.
У Ізраілі іншае прыўкраснае жыццё: вялікія заробкі і ўзровень жыцця, круглы год сонца. І нават вайна, якая ў той час абвастрылася з Палестынай — яе немагчыма параўнаць па ўзроўні напружанасці і страха з тым, што адбываецца ў Беларусі.
Я ўсё адно адчуваў сябе там больш бяспечна, меў большы давер ізраільскай паветранай абароне. І наадварот: адчуванне недаверу і небяспекі ад праваахоўных органаў па вяртанні ў Беларусь.
«Кітайцы навучылі нас «сюсі-сюсі» — гэта значыць адпачні»
— Будавалі метро ў Ізраілі кітайцы, а ім у дапамогу набіралі на месцы рознарабочых мігрантаў: расейцаў, украінцаў, беларусаў, грузінаў і іншых. Наземнае і падземнае метро ідзе праз некалькі гарадоў, бо Ізраіль вельмі маленькі, крыху менш за Гродзенскую вобласць.
Працавалі і пад сонцам у 40 градусаў (а трэба рэйкі перакладаць, бетон заліваць, плітку класці), ці ў тунэлі, дзе прахладна, але ж інтэрнэт не цягне, і нельга паглядзець навіны. Работа простая: прынясі — падай. І ніхто там не стараецца рабіць гэта хутка, нават кітайцы. Усе працуюць на тое, каб праца даўжэй цягнулася, і больш зарабіць.
Калі беларусам кажуць працаваць без зупынку — то мы і працуем, не жалімся. Калі грузінам сказаць і не даць перапаліць кожныя паўгадзіны — то яны выкажуць сваю абуранасць, машучы рукамі. Ды яшчэ нас папросяць перакласці гэта абурэнне на ангельскую, каб іх зразумелі.
Кітайцы вельмі спакойныя і любяць адпачыць. Яны і нас навучылі гэтаму слову «сюсі-сюсі» — гэта значыць адпачні. Маўляў, мы адпачнем, ды і вы не грыміце.Паўгадзіны сядзяць паляць, потым «давай усё ж папрацуем».
Праз гадзіну-дзве абед ды абавязковы рытуал: кітайцы проста кладуцца ў шахце метро і гадзіну-паўтары спяць. Працаваць па-сапраўднаму яны пачынаюць, калі прыходзіць вялікі бос. Пазіцыя кітайцаў вельмі простая: «Працуй, пакуль бачаць».
Таму, магчыма, кітайцы і зробяць танна, але вельмі доўга. І атрымаецца, што ўсё роўна дорага.
«Я размаўляю на беларускай усё жыццё, нават інакш — я на ёй жыву»
— Я не жалюся ні на польскую медыцыну, ні на бюракратыю, ні на працу, ні на кошты. Мы людзі простыя, з жонкай працуем, плоцім за кватэру і яшчэ застаецца.
Не баюся працаваць фізічна, уладкаваўся на завод. Я настаўнік беларускай мовы па адукацыі, можа, з часам і тут знойдзецца для мяне нешта гуманітарнае.
— А як атрымалася, што настаўнік беларускай мовы будаваў метро ў Ізраілі?
— Я свядома пайшоў вучыцца ў Педуніверсітэт імя Максіма Танка, на платнай аснове. Таму не давялося адпрацоўваць два гады.
Трошкі папрацаваў у школе падчас студэнцтва, і мне спадабалася. Але ж падабалася не сістэма, хутчэй — быць вольным настаўнікам. І мне давалі пэўную волю, бо быў яшчэ студэнтам, і не трэба было запаўняць розныя паперкі.
Пасля ўніверсітэта зразумеў, што мне не хопіць заробка, каб здымаць кватэру ў Менску. Таму працаваў фізічна, пакуль не з’явілася ідэя махнуць у Ізраіль. Для мяне стала нормай працаваць рукамі, а не галавой.
У Познані ёсць школка выходнага дня, і я нават час ад часу праводжу ўрокі, калі трэба кагосьці замяніць. Але ўжо не адчуваю таго імпэту.
Я і вучыўся таму, што гарэў менавіта беларускай мовай ды літаратурай, як творчасцю. А зараз не люблю, калі звяртаюць увагу, што я размаўляю па-беларуску. Хачу каб было, як ва ўкраінцаў: размаўляюць па-украінску і на гэта не звяртаюць увагу. Бо гэта нармальна.
«Нам падабаецца ўзгадваць Зянона Пазняка, бо быццам мы тут беларускія пазнюкі»
— Мы далучыліся да суполкі беларусаў Познані. Амаль кожны дзень у нас мерапрыемствы: песні, танцы, літаратурныя імпрэзы.
А калі нехта кудысьці едзе, ці патрэбен падарунак — у нас замаўляюць «Пазнаньскія пацалункі». І гэтая еднасць беларусаў вельмі натхняе, дадае стымул працаваць далей. Хочам зрабіць з нашага інстаграма сапраўдны брэнд.
Палякі сталі заўважаць наш зефір, бо для іх гэта нешта незразумелае, нават няма слова адпаведніка ў польскай мове. А мы з задавальненнем ім тлумачым, бо цяжка есці тое, што невядомае. І тады яны замаўляюць сябрам: «Напішы на этыкетцы па-польску назву, але дадай, што гэта беларускі дэсерт».
Прыемна, што нас заўважылі, ведаюць, што мы беларусы, і што мы робім такія прысмакі. Але ж галоўнае, каб беларусы не страцілі цікавасць да беларускага.
— На відэа, прэзентуючы «Пазнаньскія пацалункі», вы згадалі назву вашага зефіра разам з прозвішчам Зянона Пазняка...
— Гэта ў нас часты жарт, бо сапраўды цяжка сказаць, як мы, беларусы ў Познані, называемся: пазнюкі, пазнякі, пазнанякі… Можна насамрэч спытацца ў дасведчанага чалавека ці адкрыць слоўнік, але нам падабаецца ўзгадваць Зянона Пазняка, бо быццам мы тут беларускія пазнюкі.
Паважаю Пазняка за тое, што ў пачатку 90-х ён рабіў годную справу і даносіў да нас беларускасць. Цяпер разумею, што гады часам бяруць сваё. Але нашы ўзгадкі пра Зянона Станіслававіча — яны пра знакамітую і вельмі важную постаць.
Колькі ён у свой час усяго зрабіў! Каб не ён, можа б мы і не былі сёння беларусамі. Бо беларусы, калі разваліўся Саюз, быццам не мелі аніякай ідэалогіі. А дзякуючы такім людзям, мы зразумелі, хто мы, і да чаго імкнемся.
Читайте еще
Избранное