«Колькасць тых, хто навучаецца на беларускай мове, скарачаецца, і гэта свядомая палітыка рэжыму Лукашэнкі»
Гісторык, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч пагутарыў з Филином пра тое, чаму ў Беларусі стала менш студэнтаў і дасягненні, якія нашы ВНУ не ўтрымалі.
Днямі ў Беларусі адбыліся рэпетыцыйныя цэнтралізаваныя экзамены. У іх удзельнічалі, паводле Мінадукацыі, больш за 57 тысяч адзінаццацікласнікаў, альбо звыш 97% выпускнікоў.
Пры гэтым самым папулярным прадметам стала руская мова — яе выбрала амаль траціна ўдзельнікаў РЦЭ, 17,9 тысяч чалавек. Наступнымі з вялікім адрывам сталі матэматыка (12,9 тысяч) і біялогія (6,9 тысяч).
Филин абмеркаваў з дарадцам Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы, гісторыкам Паўлам Церашковічам, што гэтыя лічбы, і не толькі яны, кажуць пра цяперашні стан беларускай адукацыі. Не абышлі ўвагай і перспектывы (хоць у іх мала пазітыву).
— Прыцягвае ўвагу, як шмат выпускнікоў абралі для здачы РЦЭ рускую мову. На ваш погляд, ці можа гэта быць ускосным сведчаннем таго, што беларускія абітурыенты ўсё болей арыентаваныя паступаць у ВНУ Расіі, а не Беларусі? У асабістых размовах з бацькамі школьнікаў у нашай краіне шмат хто пра гэта гаворыць…
— Да гэтага пытання трэба падыходзіць з гледзішча параўнальнага аналізу. Магу сказаць, што ў мінулым годзе былі прыкладна такія ж лічбы (56,4 тысячы ўдзельнікаў, з якіх 16,7 тысячы здавалі рускую мову — Ф). То бок, у параўнанні з мінулым годам істотных перамен я не бачу.
Павел Церашковіч. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Адносна таго, чаму людзі выбіраюць менавіта гэтыя прадметы — магчымы і такі варыянт, што плануюць паступаць у Расію. Аднак сацыялагічных апытанняў на гэты конт, здаецца, не праводзілі, таму сказаць абсалютна дакладна наконт адукацыйнай траекторыі я не бяруся.
Наогул, як мне падаецца, тэндэнцыя гэтая даволі ўстойлівая. Яна звязаная перадусім з дамінаваннем рускай мовы практычна ва ўсіх сферах грамадства.
Ускосна гэта сведчыць пра працяг русіфікацыі. Колькасць тых, хто навучаецца на беларускай мове, скарачаецца, і гэта свядомая палітыка, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі.
А каб рабіць высновы па колькасці беларускіх студэнтаў у РФ, трэба пачакаць дадзеных ЮНЕСКО. На сёння гэта адзіная крыніца, якой можна давяраць, і практычна кожная краіна, якая ўваходзіць у гэтую арганізацыю, павінна прадстаўляць звесткі па студэнтах замежжа. Але гэтыя звесткі, на жаль, з’яўляюцца не кожны год.
— Нядаўна вы публікавалі ў Фэйсбуку цікавую статыстыку: што ў Беларусі расце колькасць школьнікаў — амаль на 42 тысячы за апошнія пяць год, але скарачаецца колькасць студэнтаў — мінус 25 тысяч чалавек. Ці толькі дэмаграфічнымі чыннікамі гэта тлумачыцца?
— І дэмаграфічнымі, але і тым, што беларусы досыць актыўна выязджаюць вучыцца за мяжу. Апошняя тэндэнцыя — вельмі сталая, яна добра бачная яшчэ з нулявых гадоў. Дзесьці на пачатку 2010-х быў пік па колькасці, калі ў замежжы навучалася 40 тысяч беларусаў.
Апошнія звесткі, якія дае ЮНЕСКА — каля 28 тысяч чалавек (у 2023 годзе), але гэта ўсё адно значная лічба. І тое, што яна скарацілася, звязана безумоўна з дэмаграфічнымі праблемамі: колькасць моладзі студэнцкага ўзросту зменшылася, гэта факт.
Зазначу, самыя жахлівыя лічбы — нават не пра скарачэнне студэнтаў. Найвялікшая праблема — скарачэнне ў Беларусі дзетак садкоўскага ўзросту. Гэта проста катастрофа: за пяць год на чвэрць зменшылася іх колькасць!
Агульная лічба — 103100 дзяцей. Гэта як усё насельніцтва Ліды, або як сярэдняя колькасць наведнікаў садкоў у Мінску.
І па статыстыцы добра бачна, што абвал (адразу 27 тысяч) здарыўся ў 2022 годзе, калі выбухнула вайна ва Украіне, і людзі беглі ад гэтай сітуацыі, вывозілі дзетак ад вайны. Пройдзе дзесяць гадоў, і гэтая яміна праявіцца — колькі тады будзе студэнтаў у Беларусі, нават не ўяўляю.
…Беларусаў у краіне аб’ектыўна паменела, і людзі працягваюць з’язджаць. Дэмаграфічныя яміны нагадваюць аб сабе. Да таго ж працягваецца ідэалагізацыя і мілітарызацыя школ і ВНУ, растуць лічбы мэтавых набораў, захоўваецца прымусовае размеркаванне. Як гэта ўсё адбіваецца на беларускай адукацыі?
Павел Церашковіч прыводзіць красамоўны прыклад:
Я паглядзеў праграму развіцця адукацыі на 2026-2030 гады, якая вельмі прыгожа называецца «Беларусь інтэлектуальная». Там нават не пастаўленыя амбітныя мэты ў галіне вышэйшай адукацыі, звязаныя з вядомымі адукацыйнымі рэйтынгамі кшталту Times Higher Education ці Шанхайскага (ARWU).
Адзіная пастаўленая ў гэтым кірунку мэта — каб 10 лепшых беларускіх універсітэтаў увайшлі ў лік 5000 лепшых універсітэтаў рэйтынгу Webometrics. Гэта выглядае амаль што анекдатычна, бо рэйтынг той вельмі спецыфічны. Ён заснаваны на ўліку таго, у якой ступені навучальныя ўстановы прадстаўленыя ў віртуальнай прасторы.
Іншымі словамі, чым болей тэрабайтаў інфармацыі — тым больш высокім будзе рэйтынг. У сярэдзіне 2010-х беларускія ўніверсітэты, асабліва БДУ, за гэта ўчапіліся. БДУ быў даволі добра прадстаўлены, дзесьці ў другой-трэцяй сотні — але не ўтрымаў нават і гэтага.
Скрыншот з сайту Гродзенскага медуніверсітэта. Пазіцыі беларускіх універсітэтаў у рэйтынгу Webometrics за 2024-2025 гады.
І тое, што цяпер ставіцца мэта трапіць у лепшыя 5000, суцэльны анекдот. Бо ва ўсіх нашых суседзяў ёсць універсітэты, якія ўваходзяць у прэстыжныя рэйтынгі ARWU і Times Higher Education, дзе беларускія ўніверсітэты наогул не прадстаўленыя.
«Филин» на понятном языке поясняет сложные вещи. Подписывайтесь на наш телеграм-канал оперативной аналитики и публицистики.