Общество

Ксенія Луцкіна: «Я не плачу ўжо пяты год – проста няма слёз»

Журналістка Ксенія Луцкіна рэлакавалася ў Вільню. У першы ж дзень яна наведала БАЖ і падзялілася перажытым і планамі.

Ксенія Луцкіна да зняволення. Фота: яе старонка ў Facebook

«У турме ты марыш вярнуцца дахаты, а выходзіш – дома больш няма»

— З якой самай складанай праблемай вы сутыкнуліся пасля выхаду на ўмоўную волю, пасля калоніі?

— Калі ты ўвесь час сядзіш у турме, ты марыш вярнуцца дахаты, разумееце? Дом – гэта шырокае паняцце. А калі ты выходзіш, ты разумееш, што дома больш няма: усё вельмі моцна змянілася. Здарылася машына часу – і ты вяртаешся зусім у іншы Мінск, зусім у іншую Беларусь, чым тая, у якой ты жыла.

Там, за кратамі, мы разумелі кантэкст, разумелі, што адбываецца, і разумелі, што ў нашай карціне не хапае некаторых пазлаў. Але я выйшла зусім у іншую краіну, у якой вельмі моцна адчуваецца недахоп людзей, якія з’ехалі. Людзі з апушчанымі вачыма, людзі, якія ўсяго баяцца. Ведаеце феномен «жыццё з шырока закрытымі вачыма», калі ўсе прыкідваюцца, што нібыта нічога і не адбылося?

— То-бок вам так і не ўдалося адаптавацца да новай рэальнасці?

— У тым грамадстве я не змагу адаптавацца. Нават чалавек пасля адміністрацыйнай адказнасці, чалавек, які проста недзе паставіў лайк ці паглядзеў на працоўным камп’ютары «варожы» сайт — і той згубіць працу. А што казаць пра мяне? Я не магу прыняць, што я вінаватая. Пакаяльны стан складзенага папалам чалавека, які гаворыць «я вінаватая, даруйце» – гэта не маё. Я так жыць не магу.

«Сын выгульваў мяне па горадзе як маленькае дзіця»

— Як сустрэла вас сям’я? Ці хутка ўдалося аднавіць кантакты?

— Родныя заўсёды былі са мной, і сябры мае таксама заўсёды былі са мной. Я згубіла толькі адну сяброўку: яна не выходзіла на сувязь, відаць, баіцца. Ну і Бог з ёй.

Мне адзін сябар сказаў: нібыта не часта сустракаліся, нібыта добра жылі. А пасля даведаліся з інтэрнэта, што з табой здарылася вось гэта ўсё. На бытавым узроўні як бы нічога не адбылося, але ўсё стала намнога горш.

Мае родныя трымаліся за мяне першы час. Сын выгульваў мяне па горадзе як маленькае дзіця. Я не разумела спачатку, чаму ён гэта робіць, а пасля дайшло: беражэ, ахоўвае. Не хоча адпускаць, баіцца, што я зноў знікну.

Ксенія Луцкіна пасля вызвалення. Скрыншот відэа БТ: БелТА

— Якой была першая рэакцыя сына на вяртанне мамы? Памятаеце?

— Мы слухалі музыку. Мы спрабавалі злучыць у адно цэлае пазлы той часткі нашага жыцця, якія мы пражылі паасобку. Я ўбачыла сына першы раз у турме толькі праз два з паловай гады. Гэта велізарны адрэзак часу. Таму мы проста складвалі пазлы нашага жыцця паасобку ў адну агульную карціну. Я памятаю, як затрымалі мяне, але нічога не ведала, што ў гэты дзень адбывалася з сынам.

Я не ўпэўненая, што маім родным трэба ведаць усё, што адбылося са мной (у побыце і не толькі).

Сын вельмі многа распытваў мяне пра турму. Я спыталася: навошта, сынок? І пачула адказ: я проста хачу ведаць, як ты жыла. Ён задаваў вельмі многа бытавых пытанняў з серыі «як вы рабілі сабе салаты»? Табе перадавалі гародніну, каб ты рабіла сабе салаты, а як ты іх рабіла? Я прапанавала паказаць: мне трэба станок, пакет, алей і гародніна. Спрабавала перавесці падобныя размовы ў жарт.

Мы імкнуліся аднавіць наша жыццё, пачаць яго наноў. Адзінае – сям’я баялася мяне згубіць, і гэта было відавочна.

— Чым вы заняліся пасля турмы ў першую чаргу?

— Першым часам маё жыццё вельмі моцна рэгламентавалі «органы». Прэзідэнт сказаў наступнае: нас вызваляюць, і за намі мусіць сачыць МУС. І ягоныя словы ператвараюцца ў жыццё ў літаральным сэнсе: «органы» сочаць, каб мы былі працаўладкаваныя, сочаць, адным словам.

Першыя два з паловай месяцы я хадзіла адзначацца ў міліцыю кожны дзень. Зараз я злавіла сябе на думцы, мне такім чынам было прасцей адаптавацца: раней у мяне было чатыры праверкі на дзень, а цяпер толькі адна – «дзякуй». Праграму нашага жыцця распісалі па гадзінах без нас.

— Працаўладкаваліся, як таго патрабавалі органы?

— Так, але пра гэта я не хачу гаварыць. Якраз пасля працаўладкавання я магла адзначацца толькі адзін раз на дзень.

Ксенія Луцкіна і кіраўніком фонда BYSOL Андрэем Стрыжаком пасля эвакуацыі. Фота: старонка Андрэя Стрыжака ў Facebook

«Зараз я не падаю. Ці падаю, але рэдка»

— Давайце лепш пагаворым пра здароўе. У вас цяжкае захворванне і ў турме было вельмі цяжка атрымаць дапамогу. Ці атрымалі медычную дапамогу пасля вызвалення?

— Я прайшла абследаванне, мне прызначылі тэрапію. Зараз (палітзэкі зразумеюць) я не падаю. Ці падаю, але рэдка. Паміраць я не збіраюся, буду жыць (смяецца), буду займацца сваім здароўем.

— То-бок паўнавартаснага лячэння вы не атрымалі?

— Праблема ў тым, што ў мяне вельмі моцна абвастрыліся сімптомы. Я наведала энную колькасць урачоў – усе маюць сваё бачанне, прапануюць розныя падыходы да лячэння. Маўляў, у турме ты перажыла вельмі моцны стрэс, магчыма, гэта наступствы стрэса. А давай зараз мы прызначым тэрапію, паступова будзем павялічваць дозу – а праз год паглядзім на вынікі.

Напрыклад, у мяне моцна прыгае артэрыяльны ціск – гэта можа быць наступствам турэмнага стрэсу. Таму трэба праходзіць усе працэдуры наноў.

«Толькі на тэрыторыі Еўрасаюза я адчула, што вызваленне адбылося»

— Памятаю, адразу пасля выхаду з турмы вы сказалі: не збіраюся выязджаць з Беларусі. Сёння вы ў Вільні. Што змянілася за гэты час, што прымусіла вас змяніць рашэнне?

— Сітуацыя, калі ты хочаш жыць на радзіме, але радзіма не хоча цябе. Там ты не можаш жыць паўнавартасным жыццём.

— Ці даўно вы памянялі сваё рашэнне?

— Гэта працяглы працэс, які заняў тры месяцы. З аднаго боку, гэтыя месяцы надоўга зацягнуліся, але, з улікам майго бэкграўнду, здарылася ўсё вельмі хутка.

— Цяпер вы ў Вільні. Якія адчуванні, пачуцці, эмоцыі?

— Першае дзікае пачуццё ў мяне ўзнікла не ў Вільні, а калі апынулася на тэрыторыі Еўрасаюза. Я адчула, што вызваленне адбылося, што цяпер я вольная. Гэта ўнутранае пачуццё, якое вельмі цяжка апісаць.

Я не плачу ўжо пяты год – проста няма слёз, яны проста не цякуць. Калі б слёзы цяклі, то я, напэўна, заплакала б. Але насамрэч гэта жудасная рэч: ты атрымаў свабоду ў чужой краіне. Так быць не павінна.

Ты рабіў нешта для радзімы, а радзіма цябе пасадзіла ў турму; ты адсядзеў свой тэрмін за радзіму, выйшаў – а радзіме ты больш не патрэбны. Гэтае замкнутае кола трэба разрываць.

Ксенія Луцкіна ў офісе БАЖ, 4 сакавіка 2025 года. Фота: Андрэй Стрыжак

— Ужо ўяўляеце хоць бы прыблізна, чым зоймецеся бліжэйшым часам? Падзеліцеся планамі?

— Не, пакуль планы я не будавала. Але вельмі хачу жыць, вельмі хачу працаваць. Я хачу жыць паўнавартасным жыццём, якое ўключае ў сябе ўсё. І ў мяне вялікі голад па працы — мацнейшы голад.

— Калі мы гаворым пра працу, то маеце на ўвазе журналістыку? Папярэдне шукалі варыянты?

— Канешне, я кажу пра прафесію. Пакуль я не размаўляла пра працу. Я зайшла ў БАЖ проста павітацца, а вы мяне забралі гарачую, не магу выйсці (смяецца).

***

Ксенію Луцкіну затрымалі 22 снежня 2020 года на бульвары Мулявіна — недалёка ад ЦУМа, куды яна выйшла за пакупкамі.

31 снежня стала вядома, што Ксеніі Луцкінай прад’яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

28 верасня 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Таццяна Фалькоўская прыгаварыла Луцкіну да 8 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Але журналістку судзілі ўжо па артыкуле 357 Крымінальнага кодэкса — змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. 27 снежня  Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу Ксеніі Луцкіной: прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення.

Журналістка адбывала пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі №4.

Ксенія Луцкіна пакутуе на астму, у яе дыягнаставана анкалагічнае захворванне: знайшлі дзве пухліны ў галаве, адну з іх выдалілі яшчэ ў 2012 годзе. У зняволенні здароўе журналісткі моцна пагоршылася.

Ксенію Луцкіну выпусцілі на волю ў жніўні 2024 года — праз некалькі дзен пасля анансаванага Лукашэнкам вызвалення часткі палітвязняў, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Падтрымаць Ксенію Луцкіну можна тут.