Міхалевіч: «Ці вы гатовыя пасядзець 2-3 месяцы ў ізалятары ў Турцыі ці Сербіі? Думаю, гэта задавальненне так сабе»

Адвакат Алесь Міхалевіч — пра новы спіс небяспечных для беларусаў краін. І каму варта звяртацца ў Інтэрпол, каб зменшыць рызыкі экстрадыцыі ў Беларусь.

Рэжым Лукашэнкі працягвае пагражаць беларусам за мяжой. І, на жаль, часам яму ўдаецца ўзяць новых закладнікаў — хтосьці паверыў, што вяртацца на радзіму бяспечна, а пасля перасячэння мяжы атрымаў крымінальную справу, кагосьці выдалі іншыя краіны на запыт беларускіх уладаў альбо сілавікі правярнулі «спецаперацыю» накшталт затрымання ў  В’етнаме каліноўца Васіля Верамейчыка.

Як даведацца, ці ты ў міжнародным вышуку, і якія краіны на сёння ўмоўна бяспечныя для беларусаў, распавёў кіраўнік адвакацкага бюро, спецыяліст у галіне міжнародна-прававога супрацоўніцтва па  крымінальных справах Алесь Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч

— Любая нацыянальная дзяржава зацікаўленая ў тым, каб на яе тэрыторыі было бяспечна, каб замежныя спецслужбы не здзейснілі забойства альбо выкраданне чалавека, — тлумачыць адвакат у эфіры Еўрарадыё. — Звычайна на гэтым узроўні і спецслужбы, і Міністэрства ўнутраных спраў, паліцыя ўсё і адпрацоўвае.

Калі я прыехаў у Чэхію ў 2011 годзе, яшчэ ў лагеры для бежанцаў мне сказалі: вось табе тэлефон, калі адчуваеш за сабой вонкавае назіранне альбо збіраешся пайсці ў беларускую амбасаду — тэлефануй.

Тут не мае вялікага значэння, ці гэта замежнік, які атрымаў міжнародную абарону ў пэўнай краіне, ці яе грамадзянін — дзяржава правінна забяпечыць бяспеку на сваёй тэрыторыі.

Якія юрыдычныя моманты трэба ведаць, каб не рызыкаваць быць выдадзеным на запыт беларускіх уладаў? Паводле слоў Алеся Міхалевіча, калі чалавек легалізаваны ў еўрапейскай краіне і не выязджае за межы Еўразвязу — верагоднасць экстрадыцыі ў Беларусь «фактычна нулявая».

— Горш, калі ў вас дрэнны прававы статус і дзяржава спрабуе ад вас пазбавіцца, — дадае  адвакат. — Такія сітуацыі былі. Адрозненне такое: экстрадыцыя — гэта калі Беларусь робіць афіцыйны запыт, а дэпартацыя — калі сама краіна спрабуе ад вас пазбавіцца, напрыклад, таму што вы нелегал.

Яшчэ адзін крок для ўмацавання асабістай бяспекі, працягвае Алесь Міхалевіч, можа зрабіць сам чалавек, калі ведае ці падазрае, што беларускія ўлады могуць абвясціць яго ў міжнародны вышук — прыкладам, па лініі Інтэрполу. Варта прэвентыўна паведаміць у Інтэрпол пра пераслед па палітычных матывах:

— Такая схема працуе. І нават калі пасля будуць высунутыя абвінавачанні ў махлярстве ці нясплаце падаткаў, з вялікай доляй верагоднасці чалавека не ўнясуць у базу. Альбо прынамсі паведамяць нам як яго адвакатам, каб мы напісалі скаргу і чалавека выдалілі з базы яшчэ да таго, як ён там афіцыйна з’явіцца.

Таму ў некаторых выпадках гэта трэба рабіць, асабліва тым, хто ў групе рызыкі, калі вельмі верагодна, што на чалавека «павесяць» эканамічнае злачынства (самы просты спосаб — абвінаваціць у нясплаце падаткаў, як было ў «справе БелаПАНа»). Лепш своечасова звярнуцца ў Інтэрпол, каб узровень вашай бяспекі быў больш высокі. Прытым у выпадках, калі гаворка адназначна ідзе пра палітычны пераслед, мы стараемся зрабіць такі запыт pro bono, бясплатна для нашага кліента.

Дзе наогул сёння бяспечна знаходзіцца беларусам, а якіх краін, у тым ліку еўрапейскіх, варта пазбягаць? Алесь Міхалевіч нагадвае:

— Калі краіна падазрона танная і з нізкімі прававымі стандартамі, яна патэнцыйна больш небяспечная. Таму ўмоўны Тайланд альбо Малайзія не рэкамендуюцца для наведвання, той жа самы В’етнам — мы ведаем канкрэтны выпадак, калі без экстрадыцыйнага працэсу чалавек быў проста выдадзены ў Беларусь.

Саўдаўская Аравія, ААЭ — краіны нятанныя, але ёсць сумневы ў прававых стандартах. Калі ў вас няма жорсткай неабходнасці туды ехаць — лепш не ехаць.

А калі такая неабходнасць ёсць, вы бізнесмен, то варта нават разавыя паездкі планаваць спецыяльна, у тым ліку з кансультацыяй адвакатаў.

І самае галоўнае — забароненая для наведвання ўся постсавецкая прастора (часам, можа быць, за выключэннем Грузіі, але з улікам таго, што там цяпер адбываецца з прававой сістэмай, я таксама выключыў бы яе са спісу бяспечных краін).

Турцыя — вельмі моцна залежыць, які ў вас статус. Калі міжнародная абарона, то ў прынцыпе вы рызыкуеце, што вас затрымаюць, але, безумоўна, не выдадуць, бо на Турцыю распаўсюджваецца юрысдыкцыя Еўрапейскага суда па правах чалавека. Зрэшты, як і на Сербію. Але ці вы гатовыя пасядзець 1,5-2-3 месяцы ў ізалятары ў Турцыі ці Сербіі? Думаю, гэта задавальненне так сабе.

Таму трэба выбіраць краіны бяспечныя, маю на ўвазе, з высокімі прававымі стандартамі. У Еўропе я б раіў пазбягаць дзве краіны — Сербію, якая адвечны саюзнік РФ, і Боснію і Герцагавіну, якая мае вельмі сур’ёзную сербскую частку і некалькі прававых сістэм.

Албанія ў гэтым плане адносна бяспечная: у Беларусь вас адтуль не экстрадуюць, але калі вы ў вышуку Інтэрпола, пазнаёміцца з мясцовай турэмнай сістэмай верагоднасць ёсць. Тое самае магу сказаць пра Чарнагорыю, Македонію, якія імкнуцца ў Еўрасаюз.