Мовазнаўца і дыпламат Пётра Садоўскі — у цяжкім стане
Пра стан вядомага беларускага дзеяча паведаміла яго дачка.
— Сябры мае вернікі, памаліцеся за стан майго бацькі. Верны сын Беларусі Пётра Садоўскі паміж жыццём і смерцю, — напісала ў сацсетках яго дачка Аліна.
87‑гадовы Пётра Садоўскі — выбітны беларускі мовазнавец, які ў 1990‑я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета, а пазней — першым паслом Беларусі ў Нямеччыне, піша Наша Ніва.
Ураджэнец Полаччыны, дзіця вайны, ён страціў на той вайне тату-партызана, які памёр у яго на вачах. Вывучыўшыся ў Сувораўскай вучэльні, ён пазней з вайсковай дарогі перайшоў у лінгвістыку — балазе, у Сувораўскай яму выкладаў выбітны перакладчык і афіцэр-франтавік Язэп Семяжон.
Пётра Садоўскі вывучаў і выкладаў замежныя мовы, працаваў у Інстытуце замежных моў, Акадэмііі навук і, перакладчыкам, у розных прадпрыемствах Мінска.
Любоў яго жыцця — гэта беларуская мова, а ягоны асабісты рай — паўночнабеларускія гаворкі, якія яго ўскалыхалі і якія ён ведае найлепш сярод усіх ва ўсім свеце.
Садоўскі быў адным з падпісантаў першых лістоў у абарону беларускай мовы і культуры — хадайніцтваў, якія дасылаліся яшчэ ў Маскву. Пазней ён быў адным з заснавальнікаў Народнага Фронту і трыумфальна перамог у мінскім Зялёным Лузе на свабодных выбарах 1990 года. Садоўскі быў настолькі аўтарытэтным чалавекам, што ў парламенце, дзе БНФ быў у меншасці, быў абраны старшынём камісіі па замежных справах.
Пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці ён у 1992 годзе быў прызначаны першым у гісторыі паслом нашай краіны ў Нямеччыне. Амбасаду там ствараў з нуля.
У 2019 годзе Садоўскага, 80-гадовага, судзілі і аштрафавалі за выступ супраць інтэграцыі з Расіяй, у абарону незалежнасці на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Яго часам пранізлівыя, а часам аналітычныя ўспаміны «Мой шыбалет» выйшлі ў 2008 годзе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное