На фестывалі PRADMOVA назвалі лепшыя беларускія кнігі апошніх гадоў для дзяцей і падлеткаў
У Познані 9 лістапада былі ўручаныя прэміі найлепшым аўтарам і мастакам кніг для дзяцей і падлеткаў.
Літаратурнае і мастацкае журы вызначыла пераможцаў прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады.
Гэтая ўзнагарода, заснаваная ў 2016 годзе, традыцыйна прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: літаратурнай і афарміцельскай.
У 2023 годзе найлепшымі беларускамоўнымі кнігамі для дзяцей і падлеткаў, на думку экспертаў, сталі:
- «Вольнеры. Прадвесце» Валера Гапеева — «за адкрыццё новай прасторы беларускага міфапаэтычнага космасу»,
- «Гарэзлівы пацалунак» Евы Вайтоўскай (кніга 2) — «за смелую імправізацыю паводле японскага сюжэту і беларускі свет гарэзлівага юнацтва».
Найлепшай мастацкай працай журы палічыла ілюстрацыі Лізаветы Лянкевіч да кнігі Яна Бжэхва «Акадэмія доктара Клякса». Асобна быў адзначаны сучасны падыход мастачкі.
У 2024 годзе, паводле сукупных ацэнак экспертаў, прэмію ў літаратурнай намінацыі падзялілі:
- Альгерд Бахарэвіч з ягонай кнігай «Капітан Лятучая Рыба» — «за мастацкую трансфармацыю вобразу выгнання ў вялікае падарожжа насустрач свету»,
- Эльга Папова з кнігай «Мора ў горадзе» — «лёгкі і нязмушаны аповед пра мора, якое заўжды з табой».
У мастацкай намінацыі перамогу атрымала зашыфраваны (-ая) ўдзельнік (-ца) з псеўданімам Маргарыта Аніс — за афармленне кнігі Веранікі Юлляш «Розум, смеласць і добрае сэрца».
Зазначым, што частка літаратурнага і мастацкага журы таксама працавала непублічна, са зразумелых прычын бяспекі. Сярод публічных сябраў журы — паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, кніжная блогерка Кацярына Жамойдзіна, культурная менеджарка Кацярына Веразуб, мастачка Лілія Бусарава.
Арганізатары прэміі — дабрачынная ініцыятыва «Viartańnie», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.
Читайте еще
Избранное