Калі адной фразай: сытуацыя для беларускай незалежнасьці і дэмакратычнай будучыні Беларусі ў кароткатэрміновай (а магчыма — і ў сярэднетэрміновай) пэрспэктыве істотна ўскладнілася.
Навумчык: «Заўсёды казаў: беларусам трэба вучыцца ў яўрэяў»
Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра наступствы абвастрэння канфлікту на Блізкім Усходзе для Беларусі.
– Заўсёды казаў: беларусам трэба вучыцца ў яўрэяў, а беларускім палітыкам — у палітыкаў ізраільскіх, – піша Навумчык. – Пры ўсіх адрозьненьнях, у беларусаў як нацыі і Беларусі як дзяржавы ёсьць мінімум адно агульнае з яўрэямі і з Ізраілем: стагодзьдзямі знаходзіліся тыя, хто жадаў зьнішчыць нас як этнас, і па гэты час ёсьць краіны, якія імкнуцца ліквідаваць краіны нашыя.
І ў гэтым сэнсе нам, сапраўды, ёсьць чаму павучыцца ў ізраільцянаў, якія вышэй за ўсё ставяць інтарэсы сваёй дзяржавы. Магчыма, інакш — і ня выжылі б.
Прыклад такога стаўленьня — 2020 год, калі МЗС Ізраілю быў падвергнуты крытыцы за яго дзеяньні (дакладней — бязьдзеяньне) адносна рэпрэсій супраць пратэстоўцаў у Беларусі (пры тым, што пад іх патрапілі і некалькі грамадзянаў Ізраілю).
Адназначна, Ярусалім у той сытуацыі сьвядома ігнараваў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі — трэба разумець, зь нейкіх інтарэсаў сваёй краіны. Яно, канешне, пажадана быць аднолькава добрым для ўсіх, але часам не атрымліваецца.
Для мяне абсалютна бясспрэчныя дзьве рэчы. Першая — Ізраіль мае ўсе правы ліквідаваць антычалавечы рэжым аятолаў, хаця б таму, што той дзесяцігодзьдзямі дэкляруе зьнішчэньне яўрэйскай дзяржавы.
Другая — кіраўніцтва Ізраілю і яго ўзброеных сілаў мелі поўнае права распачаць тыя вайсковыя дзеяньні, якія лічылі патрэбнымі, і ў той момант, які лічылі найбольш зручным.
Канстатуючы гэта, мы, аднак, можам цьвяроза і непрадузята ацэніць магчымыя наступствы цяперашняга становішча на Блізкім Усходзе для Беларусі (наколькі ўвогуле магчымы прагноз у сытуацыі, якая мае аднолькавыя шанцы альбо вярнуцца ў пэрманэнтнае супрацьстаяньне, альбо разгарнуцца ў глябальную вайну).
Бо будучыня Беларусі наўпрост залежыць ад вынікаў змаганьня Ўкраіны з пуцінскай агрэсіяй.
Тут цэлы комплекс фактараў — ад росту коштаў на нафту, які ўжо пачаўся і які спрыяе ваеннаму бюджэту Расеі, да пераключэньня ўвагі Захаду з Украіны на рэгіён патэнцыйнай новай вайны.
Улічым таксама, што сярод насельніцтва ЗША падтрымка Ізраілю традыцыйна моцная, гэта — важны электаральны фактар, які вымушаныя ўлічваць усе прэзыдэнты і кангрэсмэны незалежна ад іх партыйнай прыналежнасьці.
Словам, фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы пойдуць найперш на дапамогу Ізраілю (што ўжо і адбываецца — нядаўна туды былі перанакіраваныя 20 тысяч ракетаў, якія меркавалі даць Украіне).
Варта ўлічваць і новыя магчымасьці для разьдзьмуваньня дыпляматычнай пыхі Крамля: Масква, бясспрэчна, будзе навязваць ролю пасярэдніка і перамоўшчыка, і цалкам магчыма, што цяперашняя адміністрацыя ЗША клюне на такую прапанову. А гэта — аслабленьне ціску Вашынгтону на Расею (хаця, здаецца, ужо няма куды болей аслабляць).
Што да Лукашэнкі, дык любое абвастрэньне міжнароднай сытуацыі яму заўсёды выгоднае: адцягвае ўвагу ад рэпрэсій і дазваляе ў чарговы раз прадставіць здранцьвелую ў страху краіну як «востраў стабільнасьці».
Пры тым што «востраў» гэты ня без ягонага ўдзелу ўжо ператвораны ў пляцдарм для новай агрэсіі Пуціна супраць краінаў, якая ўсё яшчэ маюць сьмеласьць быць вернымі ідэалам дэмакратыі і свабоды.
Читайте еще
Избранное