Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу
Пра гэта Белсату расказаў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.
Анатамаванне не выявіла прыкметаў, якія маглі б паказваць на тое, што журналіст Мікіта Мелказёраў памёр у выніку траўмы, аднак лекары знайшлі змены, якія сталі вынікам хранічнага захворвання.
Пётр Антоні Скіба адзначыў, што справа аб ненаўмысным забойстве была прыпыненая ў чаканні медычнага заключэння па выніках судова-медычнага анатамавання і таксікалагічных даследаванняў.
Даследаванні падчас анатамавання не выявілі траўматычных зменаў, якія б маглі выклікаць смерць. Выяўленыя змены, звязаныя з хранічнымі хваробамі нябожчыка, – сказаў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы.
Што гэта за захворванне, пракуратура не раскрывае.
Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ноччу 21 снежня 2025 года ўдома ў Варшаве.
Пасля апытання ўдавы Мікіты, станам на канец снежня, галоўная версія следства палягала ў тым, што смерць журналіста была негвалтоўная.
Мікіту Мелказёраву было 37 гадоў. Ён стаў шырока вядомы як аўтар і вядоўца праектаў Жыццё-маліна і Загляне сонца.
Читайте еще
Избранное