Отрасли

Стася Якімовіч

«У некаторых школах Мінска ў пачатку года былі не закрыты чатыры стаўкі настаўнікаў-прадметнікаў з пяці»

«Салідарнасць» працягвае расказваць, як за апошнія некалькі год змяніліся ўмовы і атмасфера на працы беларусаў, занятых у розных галінах эканомікі. Мы пагутарылі з выкладчыкамі ў Беларусі і па-за межамі краіны, каб зразумець, у якім стане цяпер знаходзіцца беларуская адукацыя і ці выпадае спадзявацца на лепшае. Спойлер: падстаў для аптымізму няшмат, а вось ідэалагічнага шалупіння цераз край.

Архіўнае фота

Адукацыя — адна з тых сфер, у якую беларускія ўлады ўмешваюцца жорсткай рукой, без аніякіх намёкаў на лібералізацыю. І гаворка не толькі пра рэпрэсіі педагогаў: арышты, звальненні, немагчымасць уладкавацца па спецыяльнасці.

Узмацненне ідэалагічнай складовай і адкрытай прапаганды, мілітарызацыя падлеткаў і моладзі, ізаляцыя замест акадэмічных свабод, перапісванне падручнікаў і Кодэкса аб адукацыі — усё гэта пакідае свой негатыўны ўплыў.

Даведка «Салідарнасці»

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі стала меней школ і дзіцячых садкоў, а таксама педагагічных работнікаў — пры тым, што колькасць вучняў вырасла. Толькі за апошні год паменела на 1 тысячу настаўнікаў, закрыліся 29 садкоў, 24 школы і 2 ВНУ. У мінулым вучэбным годзе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны страцілі каля 2,3 тысяч прафесараў і выкладчыкаў.

З 1 студзеня 2025 года Мінадукацыі падвысіла надбаўкі педработнікам на 30-82% ад акладу — але рэальныя лічбы росту заробкаў значна больш сціплыя. Другой рукой улады забіраюць не толькі заробкі, але саму магчымасць уладкавання ў сферы адукацыі ў тых беларусаў, каго судзілі за «экстрэмізм» — адпаведны законапраект разгледжаны  ў першым чытанні.

«Рэжым запалохвае педагогаў, каб тыя запалохвалі бацькоў і вучняў»

У сярэдняй адукацыі справы сумныя, распавядаюць чытачы «Салідарнасці». «Храмамі» беларускія школы сталі толькі ў рыторыцы Лукашэнкі — у рэальнасці ж настаўнікі зрабіліся яшчэ больш бяспраўнымі.

Так, у верасні-2024 КДБ масава выклікаў педагогаў з усёй краіны на «гутаркі», у сувязі з тым, што рэсурсны праект «Адукаванка» ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Пад пераслед за ўдзел у пратэстах і «экстрэмізм» трапляюць як маладыя педагогі, так і настаўнікі са шматгадовым стажам, рэгаліямі і прафесійнымі дасягненнямі. А прымусовыя праверкі тэлефонаў, адсочванне сацсетак, удзел у агітацыйных мерапрыемствах і экскурсіі да вайскоўцаў ды сілавікоў — ужо руціна «ненармальнай нармальнасці».

Як расказвала незалежным медыя настаўніца матэматыкі, былая намесніца дырэктара гімназіі з Ляхавічаў Таццяна Крапіневіч, якая была вымушана з’ехаць з краіны праз пераслед,  «на працы я пастаянна была ў страху: а раптам ня тое сказала, ня тое зрабіла, нібыта і стала «настаўнікам году», падрыхтавала алімпіяднікаў — усё адно недастаткова...».

— Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта не пра школу, не пра навучанне, не пра выхаванне, — падкрэслівае спадарыня Таццяна. — Проста стараюцца ўпіхнуць усім у галаву, што ёсць адзін «святы чалавек», дзякуючы якому мы жывём, і павінны на яго маліцца.

Настаўніца распавяла пра некаторыя патрабаванні ў беларускіх школах: кожную чвэрць пачынаць і завяршаць гімнам, рэгулярна ладзіць «святы адзінства, лінейкі, урокі па тэмах Вялікай Айчыннай». Класных кіраўнікоў да таго ж абавязалі маніторыць сацсеткі вучняў.

Экспертка Беларускага Хельсінскага камітэта Кацярына Дзейкала нагадвае, што ўсё гэта спалучаецца з прымусовым размеркаваннем, запалохваннем, забаронай на прафесію для асуджаных за «экстрэмізм».

Дадатковым абмежаваннем стане так званае псіхалагічнае сумоўе, дзе насамрэч будзе вызначацца не стрэсаўстойлівасць ці кваліфікацыя педагагічнага работніка, а яго лаяльнасць.

— Настаўнікі ў дадзеным выпадку выступаюць як проксі ўладаў: рэжым запалохвае педагогаў, каб тыя запалохвалі бацькоў і вучняў, — канстатуе юрыстка.

«Пасля пачатку вайны ва Украіне ў метадычках было шмат тэзісаў пра мір»

Елізавета была выкладчыцай ў каледжу каля пяці год. У апошні час, зазначае беларуска, працавалася цяжка: шмат ідэалогіі, абавязалаўкі і папяровай работы ніяк не спрыялі навучальнаму працэсу.

— Пасля 2020-га ўсіх прымусілі ўступіць альбо ў «Белую Русь», альбо ў Беларускі саюз жанчын. Не хочаш — будзь гатовы атрымаць аклад без надбавак і прэмій, у мяне гэта было каля 400 рублёў. Я абрала БСЖ, бо там меней унёскі — але вынікаў ад сяброўства ў гэтай арганізацыі ніхто не бачыў, проста здавалі грошы, — распавядае яна «Салідарнасці».

Паводле Елізаветы, ад праўладнага прафсаюза, куды таксама ўсіх абавязалі ўступіць, была хоць нейкая карысць: напрыклад, матэрыяльная дапамога (дзве базавыя — цяпер 84 рублі) пры ўступленні ў шлюб, або частковае пакрыццё выдаткаў на Новы год ці дзень настаўніка.

Пры гэтым хлопцу, які страціў бацьку, прафсаюз выплаціў дапамогу ўсяго 120 рублёў — куратар і яшчэ некалькі навучэнцаў скінуліся і дадалі сваіх.

Навучэнцы каледжу гэтак сама «добраахвотна» здавалі грошы на прафкам, Чырвоны Крыж, БРСМ. У ведамасць заносілі нават выпускнікоў і казалі: калі не здадуць навучэнцы, неабходную суму вылічаць з заробку педагога. А ён складаў у нашай суразмоўніцы блізу 1100 беларускіх рублёў (з даплатай за куратарства), калі атрымлівалася ўзяць больш нагрузкі, дасягаў 1700 рублёў.

— У нас плацілі няблага, — лічыць выкладчыца, — калегі з рэгіёнаў распавядалі, што атрымліваюць нашмат меней, хоць нагрузкі ў іх большая. Акрамя таго, расказвалі, што ў маладых спецыялістаў маглі забраць надбаўку, калі яны «правініліся».

Больш за палову выкладчыкаў, згадвае Елізавета, былі ўжо ва ўзросце, з маладых нямногія затрымліваліся пасля абавязковай адпрацоўкі. Калі нехта звальняўся, ягоныя гадзіны проста раскідвалі па іншых. Нават прыцягвалі да выкладання майстроў, хоць тыя не маюць педадукацыі і могуць весці толькі практыку, але не чытаць лекцыі. У крайнім выпадку, вывучэнне прадмета маглі перанесці на іншы семестр, пакуль не знойдзецца, каму яго выкладаць.

Суразмоўніца «Салідарнасці» прыводзіць красамоўныя прыклады, як у каледжу ідэалогія наступала на адукацыю. Па негалосным правіле, кожны выкладчык мусіў наведаць адно з масавых мерапрыемстваў — 1 мая (Дзень працы), 9 мая (Дзень Перамогі) альбо 3 ліпеня (Дзень незалежнасці). Таксама яны мусілі ствараць масавасць на розных канцэртах і імпрэзах, былі «запаснымі» на так званым дні народнага адзінства альбо на гульнях «Дынама»: калі нехта сыходзіў з мерапрыемства раней, трэба было заняць пустое месца.

Штотыдня ў нас была інфармацыйная гадзіна, раз на месяц — адзіны дзень інфармавання. Тэматыку апошняга трэба было браць на афіцыйным сайце. У асноўным там распісана, як у нас усё добра і стабільна, як нам дапамагае Расія, а пасля пачатку вайны ва Украіне ў метадычках было шмат тэзісаў пра мір.

Навучэнцаў каледжу нярэдка адпраўлялі замест заняткаў на адкрытыя выязныя суды. «Не ведаю, што хочуць такім чынам выхаваць», — гаворыць Елізавета.

Таксама часта падлеткаў здымалі з пар на розныя мерапрыемствы, кшталту намаляваць на тварах дзяржаўныя сцягі, выкарыстаць фразу «Любімую не аддаюць» альбо паглядзець кіно-агітку, у якой Расія выйграе вайну ва Украіне, а беларусы ў замежжы пакутуюць і хочуць вярнуцца на радзіму.

Малодшыя курсы нярэдка самі пагаджаюцца на ўсё гэта хадзіць, старэйшыя ўжо не так ахвотна, а выкладчыкі «наогул вар’яцеюць з такіх актыўнасцяў»:

— Маглі навучэнцаў пад канец года, калі ідуць кантрольныя і практычныя, адправіць на прыборку лісця ці нейкіх памяшканняў. І адміністрацыя прасіла не ставіць «энкі». Бо ім жа ўсё адно на заняткі, трэба выканаць загад зверху. Але ў канцы семестра, калі ў кагосьці праблема са здачай сесіі, адміністрацыя прасіла паставіць станоўчую адзнаку.

Напрыканцы мінулага года выкладчыца звольнілася і вырашыла наогул сысці са сферы адукацыі. Апошняй кропляй, прызнаецца яна, стаў чарговы прымусовы паход у кіно, дзе педагогі мусілі забяспечыць яўку.

«Студэнтаў вучаць практычна такія самыя ўчорашнія студэнты»

Віталь (імёны суразмоўцаў з Беларусі змененыя ў мэтах бяспекі — С.) — выкладчык адной з ВНУ сталіцы, таксама мае досвед працы ў іншых вядучых універсітэтах, ведае абстаноўку і ў сярэдніх навучальных установах.

Апошнія гады ён называе вельмі складанымі для беларускай адукацыі. У прыватнасці, вельмі заўважны дэфіцыт кадраў:

У некаторых школах Мінска ў пачатку года былі не закрыты чатыры стаўкі настаўнікаў-прадметнікаў з пяці. Найперш не стае матэматыкаў, настаўнікаў інфарматыкі і замежных моў.

І гэта пры тым, што фактычна дзве трэці студэнтаў 3-4 курсаў універсітэтаў, дзе рыхтуюць спецыялістаў з правам выкладання, працуюць у школах.

У ВНУ пракаціліся некалькі хваль звальненняў «нелаяльных», з-за чаго сышлі многія вузкія спецыялісты. Шэраг вучоных з’ехалі за мяжу, частка перайшла ў іншыя сферы (пераважна ІТ) альбо сышлі ў нікуды.

Замест іх у каледжы масава бяруць выкладаць учорашніх выпускнікоў, ва ўніверсітэты — магістрантаў. У БДУ летась на некаторых кафедрах узялі па трое і больш экс-магістрантаў.

— Гэта шмат, — зазначае наш суразмоўца «Салідарнасці». — Але ва ўмовах, калі многія выкладчыкі з вопытам не ўзгадняюцца прарэктарамі па кадрах або па бяспецы, у кіраўнікоў факультэтаў няма іншага выйсця. І студэнтаў вучаць практычна такія самыя ўчарашнія студэнты.

Пагаршэнне якасці адукацыі, дадае выкладчык, ужо адчувальнае нават на ўзроўні абітурыентаў. Многія з іх паказваюць слабыя веды і вузкі кругагляд — гэта Віталь звязвае з «адмоўнай селекцыяй» у школах.

«Калі патрэбна будзе выдаліць апендыкс, веданне асноў беларускай дзяржаўнасці ніяк не дапаможа маладому хірургу»

— У тых універсітэтах, куды пасля лютага 2022 года, баючыся, перасталі ехаць замежныя студэнты (напрыклад, з КНР), заробкі ўпалі, — расказвае ўніверсітэцкі выкладчык. — Але ёсць ВНУ, якія хутка пераарыентаваліся на краіны Афрыкі, Індыю і гэтак далей, там заробкі, якія залежаць у тым ліку ад пазабюджэтнай дзейнасці, нават выраслі.

Пры тым вырас і аб’ём працы, памножыліся патрабаванні да патрыятычна-выхаваўчай работы, «паходаў» на адпаведныя мерапрыемствы і правядзення ўласных (розных круглых сталоў, дыялогавых пляцовак, сустрэч з сілавікамі і дзяржаўнымі палітыкамі).

Зрэшты, як распавялі «Салідарнасці» педагогі, найчасцей такія івенты ладзяцца для птушачкі, прыгожай справаздачы на сайце. На справе ж яны нагадваюць савецкія партсходы, дзе падняволеныя выкладчыкі, так бы мовіць, адбываюць нумары, а прымусова загнаныя студэнты робяць выгляд, што слухаюць, чытаючы навіны ў сацсетках і гледзячы ролікі на YouTube.

читайте также

Шмат хто з выкладчыкаў, навучаныя аблавамі на «экстрэмістаў», пазакрывалі свае акаўнты ў сацсетках (ці наогул выдалілі). Тым больш, нярэдка сацсеткі патрэбныя былі для стасункаў з замежнымі калегамі, удзелу ў міжнародных праграмах  — цяпер гэта хіба праекты, якія ладзяцца ў расейскіх ВНУ.

— Але зразумела, які-небудзь Навазыбкаўскі філіял Бранскага ўніверсітэта ў якасці аб’екта для камандзіроўкі або для паездкі на канферэнцыю мала прыцягальны, — гаворыць Віталь.

На агульным негатыўным фоне, дадае суразмоўца, станоўчыя рэчы амаль не праглядаюцца: так, карпусы і інтэрнаты ў ВНУ рамантуюцца (і тое не заўжды ў час і якасна), а вось напрацоўкі вышэйшай школы страчаныя з савецкіх часоў і не замененыя чымсьці адэкватным.

Беларуская адукацыя сёння залежыць не ад стану навукі, а ад палітычных установак. Такое адчуванне, што ні адміністрацыя (Лукашэнкі — С.), ні міністэрства адукацыі не здагадваюцца, што ў сітуацыі, калі пацыенту патрэбна будзе выдаліць апендыкс, веданне палітэканоміі і асноў беларускай дзяржаўнасці ніяк не дапаможа маладому хірургу.

Чаму вядучая ВНУ краіны страціла свае пазіцыі, ці мусяць класныя кіраўнікі ў школах адсочваць сацсеткі вучняў на прадмет «экстрэмізму» і якія аглядныя перспектывы ў беларускай адукацыі, мы распавядзем у другой частцы вялікай размовы з педагогамі і экспертамі ў гэтай галіне.