Политика

Наталля Север

Вячорка: «Сітуацыя застаецца драматычна цяжкай. Але гэта якраз той момант, калі нельга складаць рукі»

Як змяніліся адносіны з Украінай, чаму Лукашэнка сочыць за працай дэмсілаў і ці аддадуць Беларусь на водкуп Расіі. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адказаў «Салідарнасці» на пытанні пра вынікі году.

— Якія галоўныя знешнепалітычныя вынікі для Беларусі і дэмакратычных сілаў вы б адзначылі ў гэтым годзе?

— На фоне мірных перамоваў па Украіне вярнулася ўвага да Беларусі. Нам удалося правесці важныя дыскусіі, прыняць рэзалюцыі і рашэнні па Беларусі ў Радзе ЕС, АБСЕ, ААН, G7. Паступова прыходзіць разуменне, што без дэмакратызацыі Беларусі мір у рэгіёне не будзе трывалым.

Мы палепшылі адносіны з Украінай, уцягнулі ў беларускую тэму новыя краіны — адбыўся першы візіт у Аўстралію і Новую Зеландыю.

Безумоўна, адным з найважнейшых фактараў у гэтым годзе стала прэзідэнцтва Дональда Трампа, у тым ліку для Беларусі. На здзіўленне многіх, наша краіна стала адным з прыярытэтаў амерыканскай палітыкі, быў прызначаны спецыяльны пасланнік па Беларусі.

Дзякуючы свайму стылю і падыходу, Трампу ўдалося дамагчыся вызвалення сотняў палітвязняў.

— Як бы вы ацанілі пазіцыі Святланы Ціханоўскай і афіцыйнага Мінску, ці яны трывалыя?

— Адзначу, што рэжыму не ўдалося легітымізаваць сябе праз фальшывыя выбары ў пачатку года. Пры гэтым ён дабіўся пэўных поспехаў у Кітаі і ў некаторых краінах Азіі.

Што да Святланы Ціханоўскай, яна захоўвае свае пазіцыі і міжнародны статус: яе і надалей прымаюць як легітымную прадстаўніцу Беларусі на самым высокім узроўні.

Дарэчы, па колькасці сустрэч з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, міністрамі і міжнароднымі лідарамі, магчыма, гэта быў самы насычаны год за ўсе пяць.

Разам з тым, шчыра кажучы, утрымліваць фокус на Беларусі стала складаней, і цяпер трэба прыкладаць удвая больш намаганняў, каб пра нашу краіну не забывалі.

— Некаторыя наадварот лічаць такія сустрэчы марнай тратай часу і актыўна крытыкуюць Ціханоўскую і ўвесь Кабінет. Усё больш людзей адчуваюць расчараванне дэмакратычным рухам. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Насамрэч усе пяць гадоў былі і крытыка, і расчараванне. Хтосьці выгарае, хтосьці прыходзіць новы. Гэта зразумела: калі людзі знаходзяцца ў выгнанні, пазбаўленыя дому, стабільнасці, звыклага жыцця, яны часта пачынаюць шукаць вінаватых. І гэта падсвядома перакладаецца на лідараў — Ціханоўскую, Латушку, Франака, іншых.

Але галоўнае, што крытычная інфраструктура працуе, інстытуцыі захаваныя: міжнародны напрамак трымаецца, праваабаронцы працуюць, журналісты робяць сваю справу.

Кожны робіць тое, што можа. І нам сапраўды шмат што ўдаецца — нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, выгнанне і пастаянныя рэпрэсіі.

Ёсць розныя падыходы і тактыкі — і гэта нармальна. Галоўнае, што ва ўсіх сыходзіцца мэта. Крытыку і спрэчкі трэба ўспрымаць спакойна: было б дзіўна, калі б іх не было ў такой складанай сітуацыі.

Але дадам яшчэ важную рэч: нам, беларусам, трэба вучыцца і дзякаваць адно аднаму. Бо кожны чалавек у гэтым змаганні важны.

— Вы сказалі, што, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, шмат што ўдаецца. Якія рашэнні Кабінету найбольш уплывалі на беларусаў цягам года?

— Адкажу шырэй — не толькі пра Кабінет, а пра дэмакратычныя сілы ў цэлым. Найперш, была створана і працуе гуманітарная інфраструктура дапамогі вызваленым: гэта і праваабарончыя ініцыятывы, і Міжнародны гуманітарны фонд, і EU Victims Facility, і Платформа дакументавання злачынстваў (IAPB).

Пры гэтым дапамога аказваецца і тым, хто застаецца ўнутры краіны.

Сумесна з Еўрапейскім саюзам былі запушчаныя стыпендыяльныя праграмы, абмены, праграмы перакваліфікацыі для беларусаў у выгнанні.

Мы спрыялі прыняццю заканадаўства на карысць беларусаў у шэрагу ўрадаў, у тым ліку ва Украіне. Таксама была створана вайсковая камісія з удзелам Каардынацыйнай рады і Кабінету — і гэта станоўча ўспрынялі беларускія добраахвотнікі.

Нарэшце, сёлета мы ўбачылі, як дзякуючы непасрэдным кантактам, напрацаваным за пяць гадоў, удавалася ратаваць людзям жыццё і свабоду.

Так, мы ўратавалі дзясяткі людзей ад дэпартацыяў, у больш чым 10 краінах вырашылі праблемы з легалізацыяй і пашпартамі замежніка, пачалі супрацу з Інтэрполам, змабілізавалі падтрымку для журналістаў і рэпрэсаваных, што аказалася крытычна важным на фоне скарачэння амерыканскай дапамогі.

Цікава, што і Лукашэнка ўважліва сочыць за працай дэмакратычных сілаў. Мы ведаем, што ў Мінску абмяркоўвалі і канцэпцыю люстрацыі, і эканамічную праграму Алісы Рыжычэнкі. Гэта паказвае нашу рэлевантнасць і суб’ектнасць.

— Ці чакаеце вы пераменаў у дэмакратычных сілах пасля вызвалення нашых актывістаў і лідараў?

— Так, безумоўна. Гэта новая энергія, новыя ідэі і дадатковая ўвага да Беларусі. Вызваленне кожнага чалавека, яго гісторыя, дазваляе зноў прыцягнуць увагу да сітуацыі ў краіне.

Паглядзіце, напрыклад, як моцна і дакладна сёння выступае Алесь Бяляцкі. Чым больш людзей у руху — тым лепш.

читайте также

Вядома, тым, хто выйшаў на свабоду, трэба даць час. Людзі выходзяць з турмаў у вельмі цяжкім стане — фізічным і псіхалагічным. Першае, што яны павінны атрымаць, — спакой, лячэнне, падтрымку блізкіх, час на аднаўленне.

Вызваленне Алеся Бяляцкага, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака — гэта вяртанне галасоў, якія маюць аўтарытэт і ў Беларусі, і ў свеце.

Гэтыя людзі — не «альтэрнатыва» дэмакратычнаму руху, а яго неад’емная частка. Яны ўзмоцняць яго, калі і як самі палічаць патрэбным. І для ўсіх іх у агульнай справе заўсёды ёсць месца.

— У выніку, з чым ідзем у новы год?

— З вызваленымі галасамі, якіх нам вельмі не хапала на волі. Працэс вызвалення палітвязняў пачаўся пры вядучай ролі ЗША, і мы будзем падтрымліваць яго і дамагацца спынення рэпрэсій, каб усе маглі бяспечна вярнуцца дадому.

Безумоўна, падзеі вакол Украіны будуць адкрываць новыя магчымасці і выклікі для Беларусі, і нам трэба быць асабліва актыўнымі, каб нашу краіну не аддалі Расіі на водкуп.

Так, сітуацыя застаецца драматычна цяжкай. Але гэта якраз той момант, калі нельга складаць рукі. Наадварот — трэба паднапружыцца і працаваць яшчэ больш.

Каб пра Беларусь казалі, каб беларускія інтарэсы ўлічвалі. Мы ўсе цяпер з’яўляемся ўдзельнікамі гістарычных працэсаў, якія вызначаюць лёс Беларусі і Еўропы на гады наперад.

Я не маю звышаптымізму да 2026 году. Будзе цяжка. Але трэба сціснуць зубы і рабіць сваю беларускую справу. Ідзем у новы год з надзеяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(9)